Першымі да нармальнага жыцьця вернуцца найменш пацярпелыя ад інфэкцыйнай успышкі рэгіёны.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп у чацьвер выклаў асноўныя прынцыпы, з улікам якіх эканоміка ЗША, сур'ёзна пацярпелая ў выніку пандэміі каранавірусу, зможа адкрыцца, што дасьць магчымасьць вярнуць у краіну мільёны працоўных месцаў. Трамп прадставіў новы плян у чацьвер вечарам падчас штодзённага прэс-брыфінгу рабочай групы Белага дома па каранавірусе, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт адзначыў, што плян будзе рэалізоўвацца з улікам спэцыфікі і сытуацыі ў кожным асобна ўзятым штаце. Штатам пры гэтым варта ўжываць паэтапны падыход вяртаньня амэрыканцаў да сваіх працоўных месцах — у выпадку, калі будзе складвацца спрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя.
Губэрнатары будуць упаўнаважаныя ўносіць выпраўленьні ў рэалізацыю пляну ў сваіх штатах, а таксама будуць мець права не аднаўляць эканамічнай дзейнасьці ў выпадку высокай рызыкі перадачы інфэкцыі.
«Мы адкрываем ня ўсе адразу, а асьцярожна робім крок за крокам», — падкрэсьліў прэзыдэнт.
Як паведамляе Associated Press, плян Белага дома прадугледжвае паслабленьне абмежаваньняў на эканамічную дзейнасьць у раёнах зь нізкім узроўнем інфікаваньня каранавірусам. У найбольш пацярпелых штатах абмежаваньні будуць дзейнічаць на працягу больш доўгага часу.
З пляну становіцца зразумела, што вяртаньне да нармальнага жыцьця будзе значна больш доўгім працэсам, чым першапачаткова думаў сам Дональд Трамп, пры гэтым адміністрацыя папярэджвае, што некаторыя захады сацыяльнага дыстанцыяваньня, магчыма, застануцца ў сіле да канца 2020 году, каб прадухіліць новы ўсплёск COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: ЗША прайшлі пік захваральнасьці на COVID-19У раёнах з добрым становішчам — пры ўмове зьніжэньня тэмпаў інфікаваньня і масавым тэставаньні насельніцтва — пачнецца трохэтапнае паступовае адкрыцьцё прадпрыемстваў і школ. Кожная фаза будзе доўжыцца ня менш за 14 дзён, каб пераканацца ў тым, што паслабленьне захадаў не спрыяе росту перадачы вірусу.
На першым этапе, напрыклад, плян рэкамэндуе строгае сацыяльнае дыстанцыяваньне для ўсіх людзей. Не рэкамэндуюцца масавыя сходы больш за 10 чалавек, не рэкамэндуюцца таксама паездкі, якія не датычацца працы і ня маюць экстранага характару.
На другім этапе прапануецца максымальна павялічыць сацыяльнае дыстанцыяваньне там, дзе гэта магчыма, і абмежаваць масавыя сходы ня больш як 50 людзьмі. Паездкі на другім этапе могуць аднавіцца. Трэці этап прадугледжвае, што большасьць амэрыканцаў вернуцца да нармальнага жыцьця, акцэнт пры гэтым будзе рабіцца на своечасовае выяўленьне і ізаляванасьць усіх новых выпадкаў заражэньня.
***
ЗША застаюцца на першым месцы ў сьвеце паводле выяўленых выпадкаў новага каранавірусу SARS-CoV-2 і сьмерцяў ад хваробы COVID-19, якую выклікае гэты вірус. На раніцу 17 красавіка ў ЗША зафіксавалі звыш 678 тысяч выпадкаў хваробы і 34 641 сьмерць ад яе. Выпісалі здаровымі амаль 58 тысяч, застаюцца хворымі звыш 585 тысяч. Але з пачатку красавіка колькасьць новых выпадкаў на дзень перастала паскорана расьці, трымаецца на ўзроўні 25–34 тысяч.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.