Міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International апублікавала агляд правоў чалавека ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі ў 2019 годзе. Асобны даклад прысьвечаны Беларусі.
Акрамя згадак пра тое, што ў Беларусі па-ранейшаму парушаюцца правы чалавека, праваабаронцы пішуць пра сытуацыю ў краіне:
«Эканамічны рост быў павольны. Беларусь па-ранейшаму застаецца моцна залежнай эканамічна ад Расеі, у той жа час паміж імі захоўвалася напружанасьць праз цэны на імпартаваныя энэрганосьбіты і супраціў Беларусі шляху далейшай інтэграцыі, якая магла б пагражаць яе сувэрэнітэту.
У чэрвені 2019 году ў Менску прайшлі Эўрапейскія гульні.
Парлямэнцкія выбары ў лістападзе прайшлі пры нізкай яўцы, у выніку іх паўстаў цалкам ляяльны прэзыдэнту парлямэнт. Незалежныя мясцовыя і міжнародныя назіральнікі шырока скрытыкавалі выбары за невыкананьне дэмакратычных стандартаў падчас іх правядзеньня. Шмат якія кандыдаты, якія лічыліся неляяльнымі да рэжыму, былі дыскваліфікаваныя з сумнеўных тэхнічных прычын, а ўсе абвінавачваньні ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня былі праігнараваныя».
У дакладзе згадваюцца такія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2019 годзе:
- тры таемныя сьмяротныя пакараньні;
- штрафы журналістам-фрылансэрам за супрацу з замежнымі СМІ;
- блякаваньне сайту «Хартыя-97»;
- перасьлед былога вязьня сумленьня Зьмітра Паліенкі;
- штрафы і адвольныя затрыманьні за мірныя акцыі пратэсту, у тым ліку затрыманьні, зьняволеньні і штрафы за акцыі падчас парлямэнцкіх выбараў і пратэстаў супраць «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй;
- плата за мітынгі, адмовы і зацягваньні дазволу масавых сходаў;
- затрыманьні падчас Дня Волі;
- перашкоды і адхіленьні заявак на рэгістрацыю грамадзкіх аб’яднаньняў;
- зьняволеньне «сотняў дзяцей і маладых людзей» за нязначныя негвалтоўныя злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі;
- жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі, у тым ліку дзецьмі;
- утрыманьне зьняволеных у камэрах безь сьвятла;
- засакрэчаныя суд і вырак магілёўскаму начальніку аддзелу міліцыі, які, як мяркуецца, правакаваў людзей на гандаль наркотыкамі;
- дыскрымінацыя цыганоў, масавыя затрыманьні цыганоў у Магілёве;
- распаўсюд Міністэрствам унутраных справаў заявы аб нібыта відавочнай прамой сувязі між пэдафіліяй і аднаполымі сэксуальнымі стасункамі;
- адмова ўлічыць гамафобны матыў на судзе аб зьбіцьці Міхаіла Купрыча, якога зламысьнік прыняў за гея;
- вяртаньне на радзіму грамадзян, якія прасілі прытулку, бо дома ім пагражала небясьпека і катаваньні — выпадкі з Ісмаілам Нальгіевым (яго выслалі) і Мэхрдадам Джамшыдыянам (яго трымалі 11 месяцаў у ізалятары, але не дэпартавалі).