Дзевяць праваабарончых арганізацый і ініцыятываў падпісалі калектыўны зварот з патрабаваньнем тэрміновага вызваленьня актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова, якога яны прызналі палітвязьнем. Сярод падпісантаў звароту «Вясна», БХК, БАЖ, Human Constanta ды іншыя праваабарончыя арганізацыі.
«Абвінавачаны не замахнуўся на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасьці, ня зьнішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджаньняў, не выкарыстоўваў нецэнзурнай лексыкі ў надпісах альбо мовы варожасьці і нянавісьці паводле прыкметаў нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасьці ці сацыяльнага паходжаньня ды іншых. Дзеяньні Піліпа Шаўрова насілі выключна мірны характар», — лічаць праваабаронцы і патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывіста.
Піліпа Шаўрова трымаюць пад вартай з 19 студзеня. Актывіст сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што гэта ён 17 студзеня расфарбаваў чырвонай фарбай рукі помніку Пушкіну, які стаіць каля гатэля «Беларусь». Пазьней у справе актывіста зьявіліся яшчэ два эпізоды з графіці палітычнага зьместу — нібыта ён намаляваў невялікі бел-чырвона-белы сьцяг на помніку загінулым міліцыянтам і напісаў лічбы «1937» на плоце. У выніку Піліпа Шаўрова вінавацяць у хуліганстве паводле 1 і 2 частак 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін балёнчык з фарбай можа каштаваць актывісту Піліпу Шаўрову 6 гадоў зьняволеньняПраваабаронцы лічаць, што ў дзеяньнях Піліпа Шаўрова не было складу злачынства. Матывам Шаўрова пры зафарбаваньні часткі помніка і нанясеньні графіці было выказваньне меркаваньня на грамадзка значныя тэмы. У тым ліку адносна тэмы паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, якая набыла асаблівую актуальнасьць у канцы мінулага году.
«Мы лічым, што дадзеныя формы выказваньня меркаваньня патрапляюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакумэнце Сьледчага камітэту матывамі», — лічаць аўтары звароту ў абарону Піліпа Шаўрова.
Жонка Піліпа Шаўрова Вольга гэтак пракамэнтавала той факт, што праваабаронцы прызналі яе мужа палітвязьнем. «Ня ведаю, ухваляць гэта ці не. У нашай краіне ўсё магчыма, не бяруся нешта прагназаваць», — сказала Вольга Шаўрова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі рукі Пушкіна, але і палітычныя графіці. За што яшчэ трымаюць на «Валадарцы» актывіста ШаўроваСправа Піліпа Шаўрова ўжо больш за два тыдні знаходзіцца ў судзе Цэнтральнага раёна Менска, але дата пачатку працэсу яшчэ не прызначана.
«Мусілі ў красавіку прызначыць, але з суду паведамілі, што да 3 траўня прыняцьце рашэньня пра разгляд справы адкладаецца, бо нібыта яна „цяжкая і складаная“. Мяркую, гэта фармальная прычына, а насамрэч адкладаюць разгляд з-за сытуацыі з каранавірусам», — мяркуе Вольга Шаўрова.
Піліпа Шаўрова трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. «На ўмовы ня скардзіцца, піша, што здаровы», — распавяла пра актывіста ягоная жонка.