Пачаўся чарговы абмен затрыманымі на Данбасе, паведаміў Офіс прэзыдэнта Ўкраіны раніцай 16 красавіка.
«Украіна вяртае 19 затрыманых грамадзян на часова акупаваныя тэрыторыі. З улікам карантынных абмежаваньняў, якія дзейнічаюць у краіне, вызваленых украінцаў па вяртаньні адправяць на абавязковае назіраньне», — піша ўкраінскі бок.
Офіс прэзыдэнта заяўляе, што ўзаемнае вызваленьне затрыманых адбываецца ў межах фармату «ўсіх на ўсіх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і сэпаратысты «ДНР-ЛНР» дамовіліся абмяняцца палоннымі да Вялікадня«Вядуцца перамовы аб вызваленьні ўкраінцаў, якія знаходзяцца ў акупаваным Крыме і Расеі. Варта памятаць, што публікацыя ў СМІ імёнаў тых, каго Украіна спрабуе вярнуць, ускладняе працэс іх уключэньня ў сьпісы для вызваленьня», — гаворыцца ў паведамленьні.
Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дзянісава дадала, што абмен пачаўся «у першай лякацыі — КПВВ Маёрск».
«Вядома, карантынныя абмежаваньні істотна паўплывалі на перамоўны працэс. Ён быў цяжкі, — адзначыла амбудсмэн. — Але, як бачым, сумеснымі намаганьнямі ўсіх, хто ўдзельнічае ў гэтай важнай працы, спрацавалі. Нашыя грамадзяне будуць праходзіць абавязковае назіраньне ў спэцыяльна адведзеным для гэтага месцы. Яны будуць забясьпечаныя ўсім неабходным, у тым ліку мэдычным кантролем, харчаваньнем, адзеньнем і сродкамі сувязі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у «ДНР» выкараняюць украінскую мовуАпошні абмен палоннымі паміж Украінай і групоўкамі «ДНР-ЛНР» адбыўся 29 сьнежня 2019 году. 81 украінец быў вызвалены зь непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі: 76 зь іх вярнуліся на кантраляваную Украінай тэрыторыю, яшчэ пяцёра вырашылі застацца на тэрыторыі, кантраляванай расейскімі гібрыднымі войскамі. З тых 76 вызваленых 12 былі вайскоўцамі, 64 — мірнымі жыхарамі. Баевікам тады перадалі 124 чалавекі.