Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар у чарнобыльскай зоне: агонь на подступах да аб’ектаў ЧАЭС зьліквідавалі. ВІДЭА


Пажарныя ў чарнобыльскай зоне, 13 красавіка 2020 году
Пажарныя ў чарнобыльскай зоне, 13 красавіка 2020 году

Пажарныя і начны дождж часткова зьбілі полымя пажараў ва ўкраінскай частцы чарнобыльскай зоны. Паводле падлікаў украінскіх уладаў, плошча выгараньня павялічылася ўтрая.

Кіраўніца дзяржаўнага агенцтва, якое кіруе зонай адчужэньня, Кацярына Паўлава, заяўляе, што папярэдне гаворка ідзе аб выгараньні 10,5-20 тысяч гектараў чарнобыльскай зоны, у тым ліку лясоў, якія належаць чатыром лясьніцтвам.

«Мы атрымалі афіцыйную інфармацыю, што полымя прайшло па 10,5 тысячы гектараў. Але мяркуем, што можна гаварыць пра тое, што выгарала больш як 20 тысяч гектараў — у гэтую колькасьць мы ўключаем і пажары, якія адбыліся ў 2015 годзе», — паведаміла Кацярына Паўлава ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

Пажар у чарнобыльскай зоне, 12 красавіка 2020 году
Пажар у чарнобыльскай зоне, 12 красавіка 2020 году

Некалькі дзён таму плошчу выгараньня ацэньвалі ў 3,5 тысячы гектараў. Паводле яе, напярэдадні ўвечары паліцыя затрымала яшчэ аднаго падазраванага ў падпале, у выніку чаго ўтварыўся дадатковы вялікі асяродак пажару ў чарнобыльскай зоне.

У тушэньні пажару задзейнічаны 415 чалавек і 98 транспартных сродкаў, у тым ліку 3 самалёты і 3 верталёты, якія цягам 13 красавіка скінулі на асяродкі агню больш за 500 тон вады.

Пагрозы для аб’ектаў ЧАЭС зьліквідаваныя

Увечары 13 красавіка пажарным удалося патушыць верхавы пажар, які ўзьнік паміж тэхналягічным вадаёмам Чарнобыльскай АЭС і ракой Прыпяць, а таксама пажар паблізу адкрытага разьмеркавальніка станцыі. Улады падкрэсьліваюць, што пажары не пагражаюць бясьпецы станцыі і пункту захаваньня радыяактыўных адкідаў. «Ядзерныя ўстаноўкі станцыі і збудаваньні для захоўваньня радыяактыўных адкідаў знаходзяцца ў бясьпецы. Ад лясных пажараў іх засьцерагаюць адмысловыя інжынэрна-тэхнічныя канструкцыі», — падкрэсьлілі ў Дзяржаўнай інспэкцыі Ўкраіны ў пытаньнях ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі.

Пажары ў Чарнобылі пачаліся з таго, што двое мясцовых палілі сьмецьце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:17 0:00

У той жа час у інспэкцыі ўдакладанілі, што 13 сакавіка пажар істотна набліжаўся да часовай пляцоўкі захоўваньня тэхналягічных грунтаў і бэтонных канструкцыяў, якія выдаляліся ў часе будаўніцтва новага канфайнмэнту (саркафагу) над аварыйным блёкам і выкананьня работ для ўзмацненьня гермэтычнасьці новага збудаваньня:

«Але гэтая пляцоўка знаходзіцца на пэўнай адлегласьці ад ядзерных установак і аб’ектаў перапрацоўкі і захоўваньня радыяактыўных адкідаў Чарнобыльскай АЭС».

Кіраўнік Дзяржаўнай службы Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях Мікалай Чачоткін на сустрэчы з прэзыдэнтам краіны Ўладзімірам Зяленскім паведаміў, што пажарным спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён, каб канчаткова ўтаймаваць агонь у чарнобыльскай зоне.

Паводле яго, сытуацыя ўскладнілася ўдзень 13 красавіка, калі ўзмацніўся вецер і агонь пачаў захопліваць усё больш тэрыторыі: «Учора пажарная авіяцыя правяла 227 вылетаў і выкарыстала 500 тон вады. Радыяцыйны фон у зоне адчужэньня застаецца ў норме і не павялічваецца».

Мікалай Чачоткін падкрэсьліў, што дзеяньні пажарных і ратавальнікаў дазволілі спыніць полымя і не дапусьціць ягонага распаўсюджваньня на склад вайсковых боепрыпасаў, аб’екты «Укрыцьцё», «Вэктар», разьмеркавальную станцыю Чарнобыльскай АЭС і сховішча радыяактыўных адходаў.

Радыяцыя — у межах нормы

Пажар у чарнобыльскай зоне, 10 красавіка 2020 году
Пажар у чарнобыльскай зоне, 10 красавіка 2020 году

У Цэнтры ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі (Украіна) пільна адсочваюць зьмены радыяцыйнага фону ў сувязі з пажарамі. Спэцыялісты некалькі разоў фіксавалі кароткачасовае павелічэньне канцэнтрацыі цэзію-137 у паветры Кіева — у ноч з 4 на 5 красавіка, з 14.00 да 17.00 5 красавіка, з 13.00 да 15.00 8 красавіка, а таксама 10 красавіка.

Цэнтар ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі адзначыў, што 9 сакавіка паветраныя масы перамяшчаліся на поўнач і паўночны ўсход, гэта значыць і на тэрыторыю Беларусі.

Беларускі цэнтар гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля паведамляе, што радыяцыйная сытуацыя ў Беларусі застаецца стабільнай і перавышэньняў радыяцыйных парамэтраў не зафіксавана.

«Паводле зьвестак стацыянарных пунктаў назіраньняў радыяцыйнага маніторынгу атмасфэрнага паветра і пунктаў вымярэньня аўтаматызаванай сыстэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі, разьмешчанай у зоне ўплыву Чарнобыльскай і Ровенскай АЭС, перавышэньняў магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня над шматгадовымі значэньнямі ня выяўлена. Узроўні магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня, узроўні сумарнай бэта-актыўнасьці і колькасьці цэзію-137 у пробах атмасфэрнага паветра адпавядалі шматгадовым значэньням», — паведамілі ў Белгідрамэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG