Пэнтагон: Расея правяла выпрабаваньне проціспадарожнікавай ракеты

Ілюстрацыйнае фота

На думку амэрыканскіх вайскоўцаў, выпрабаваньне стала доказам двайных стандартаў Крамля, які, разам з гэтым, прапагандуе свае прапановы ў кантролі над касьмічнымі ўзбраеньнямі.

Расея ў сераду правяла выпрабаваньне проціспадарожнікавай ракеты. Пра гэта заявілі амэрыканскія вайскоўцы, назваўшы выпрабаваньне прыкладам пагроз, зь якімі ЗША сутыкаюцца ў космасе, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Мяркуючы з абвесткі для расейскай паветранай прасторы, выпрабаваньне адбылося, хутчэй за ўсё, у сераду раніцай. Аналітыкі мяркуюць, што мабільная ракетная сыстэма не нацэльваецца на якія-небудзь касьмічныя спадарожнікі ў космасе. Пра гэта можна меркаваць на падставе агульнадаступных спадарожнікавых дадзеных.

Паводле аналітыкаў, выпрабаваньні новай эшалянаванай тэрытарыяльнай сыстэмы супрацьракетнай абароны А-235 («Нудоль») прайшлі на касмадроме Плясецк за 800 км на поўнач ад Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашырылі санкцыі супраць Расеі, Іраку, Кітаю і Турэччыны

У Пэнтагоне ўжо ня раз заяўлялі, што вайна ў космасе становіцца рэальнасьцю: ЗША, Расея, Кітай і яшчэ шэраг краін нарошчваюць свае вайсковыя пазыцыі на нізкай калязямной арбіце і паблізу Месяца.

Экспэрты кажуць, што проціспадарожнікавая зброя ўяўляе сабой небясьпеку ў космасе: пры выбуху ўзьнікае мноства фрагмэнтаў, якія могуць сутыкнуцца зь іншымі аб'ектамі, што патэнцыйна можа выклікаць ланцуговую рэакцыю ўдараў, якія наносяцца па спадарожніках на калязямной арбіце.

«Злучаныя Штаты ... прыхільнікі стрымліваньня агрэсіі і абароны краіны, нашых саюзьнікаў і інтарэсаў ЗША ад варожых дзеяньняў у космасе», — гаворыцца ў заяве кіраўніка Касьмічнага камандаваньня Узброеных сіл ЗША генэрала Джона Рэйманда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пра выбух пад Северадзьвінскам: «Мы, безумоўна, будзем удасканальваць гэтую зброю»

Рэйманд дадаў, што выпрабаваньне стала доказам «крывадушнай прапаганды Расеяй прапаноў у кантролі над касьмічнымі ўзбраеньнямі ... хоць відавочна, што [Крэмль] ня мае намеру спыняць свае праграмы ў супрацьстаяньні касьмічнай зброі».

Спадарожнікі маюць усё большае значэньне ў абароне ЗША: зь іх дапамогай вайскоўцы вядуць назіраньне за наземнымі перамяшчэньнямі, кіруюць боепрыпасамі і ажыцьцяўляюць маніторынг пускаў ракет і іх далейшае адсочваньне.

Апошняе па часе выпрабаваньне проціспадарожнікавай ракеты адбылося ў сакавіку: Індыя запусьціла ракету, збіўшы спадарожнік на нізкай калязямной арбіце. У выніку выбуху ўтварылася мноства аскепкаў, фрагмэнты якіх працягваюць лятаць вакол Зямлі.