Указ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб здабычы выкапняў на Месяцы ў дзяржаўнай карпарацыі Раскосмас назвалі агрэсіўным плянам «для фактычнага захопу тэрыторый іншых плянэт» і спробай «экспрапрыяцыі касьмічнай прасторы».
Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка Раскосмасу ў справе міжнароднага супрацоўніцтва Сяргей Савельеў.
«У гісторыі ўжо былі прыклады, калі адна краіна вырашыла пачаць захопліваць тэрыторыі ў сваіх інтарэсах, — усе памятаюць, што з гэтага выйшла», — цытуе Савельева прэсавая служба Раскосмасу.
Член міжнароднага камітэту Савета Фэдэрацыі Расеі Алег Марозаў лічыць, што ў гэтым кроку ЗША больш прапаганды, чым рэальнасьці. Гэта спроба адцягнуць краіну ад пандэміі каранавірусу, прыводзіць словы Марозава «РІА Навіны».
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб камэрцыйнай здабычы рэсурсаў на Месяцы і іншых нябесных целах.
«У амэрыканцаў павінна быць права на камэрцыйнае дасьледаваньне, здабычу і выкарыстаньне рэсурсаў у касьмічнай прасторы», — гаворыцца ў дакумэнце.
- ЗША лічаць космас унікальнай прасторай для дзейнасьці чалавека, але не грамадзкім здабыткам, таму плянуюць «стымуляваць міжнародную падтрымку здабычы і выкарыстаньня рэсурсаў у космасе».
- ЗША таксама не прызнаюць прынятае ў 1979 годзе ў ААН Пагадненьне аб дзейнасьці дзяржаў на Месяцы і іншых нябесных целах, паводле якога дасьледаваньне натуральнага спадарожніка Зямлі становіцца здабыткам чалавецтва і праводзіцца ў інтарэсах усіх краін.