Пішуць пра новую зьяву заходняй дэмакратыі ды чалавецтва наагул — самаізаляцыю. І адразу ў гэтым бачыцца недакладнасьць. Зьява гэтая зусім ня новая — грамадзтва забыла, што ў самаізаляцыі здаўна яно трымала, напрыклад, геяў, а яшчэ раней жанчын. Піша літаратар і дасьледчык Уладзь Гарбацкі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Каранавірус працягвае забіраць жыцьці дзясяткаў тысяч людзей. Літаральна за некалькі тыдняў ён зьбянтэжыў усіх, нават самых скептычных, зьмяніў камфортныя завядзёнкі сотні мільёнаў зямлянаў. Урады перавялі, пасадзілі сваіх грамадзянаў на самаізаляцыю. Прызвычаеныя да публічнага, адкрытага, вандроўнага, бесьперашкоднага, заўсёды ўсяго даступнага, сотні мільёнаў людзей занепакоіліся, напалохаліся патэнцыйнай мадэлі існаваньня на пэўную будучыню, спужаліся самога слова — самаізаляцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прынялі новыя правілы самаізаляцыі. Штрафаў няма, але будуцьНібы раптам усе ператварыліся ў небясьпечных, вар’ятаў, якіх трэба ізаляваць. Журналісты пішуць пра новую зьяву нашай заходняй дэмакратыі ды чалавецтва наагул — самаізаляцыю. І адразу ў гэтым бачыцца недакладнасьць. Зьява гэтая зусім ня новая — грамадзтва забыла, што ў самаізаляцыі здаўна яно трымала, напрыклад, геяў, а яшчэ раней жанчын. У самаізаляцыі да каранавірусу жылі і жывуць геі Ўсходняй Эўропы, дакладна Беларусі, а яшчэ ўчора ў ёй жылі геі ды лесьбіянкі заходніх дэмакратыяў.
Цяпер і само гетэраграмадзтва села ў тую ж самаізаляцыю, на якую асуджала раней іншых. Баюся, праўда, гэты масавы досьвед зноў нічому не навучыць гетэраграмадзтва. Баюся, што нават мае паралелі паміж цяперашняй самаізаляцыяй і прымусовай самаізаляцыяй жанчын і геяў многія палічаць прыцягнутымі за вушы. Нават калі Беларусь самагубча ня ўводзіць карантын і не пераводзіць грамадзтва ў самаізаляцыю, гэта не пярэчыць факту безупыннай самаізаляцыі геяў, лесьбіянак у краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар «Слоўніку фэмінітываў»: Яшчэ клясыкі ўжывалі «цэнзарку», «фатографку» і «філёзафку»Дарэчы, у самаізаляцыі беларускія ўлады трымалі да пандэміі і трымаюць цяпер ня толькі іх — яшчэ беларускамоўных, напрыклад. Іх не вынішчаюць, не зьмяшчаюць у турмы ці вар’ятні, як раней — ім проста ствараюць умовы ўстрымацца ад публічнага, рэкамэндуюць пабыць на водшыбе, у самаізаляцыі, каб не зашкодзіць іншым — бальшыні.
Вядома, самаізаляцыя гэтая часта вобразная, мэтафарычная, але яшчэ часьцей цалкам рэальная: гей-жыцьцё мае права на існаваньне толькі віртуальна, прыватна, на кухнях, у рэальных рэзэрвацыях — прыхаваных рэдкіх клюбах, кватэрах і віртуальных — электронных старонках. Доступу ж да адкрытага і публічнага поля ў геяў няма і ня будзе, калі ты ідэнтыфікуеш сябе як адкрыты гей. Калі ж ты схаваеш, ізалюеш частку сваёй тоеснасьці, схлусіш сам сабе і навакольным, то тады можа быць. А калі ты не хаваеш сваёй тоеснасьці, то тады маеш адно выйсьце — самаізаляцыя. І так вядзецца ў нас аддаўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «55 тысяч чалавек ня хочуць, каб я была ў гэтай краіне». Бацькі і дзеці ЛГБТАпынуўшыся ў самаізаляцыі ў ЭЗ, я часта чую незадаволенасьць гетэразнаёмых, гетэраграмадзтва такім гвалтоўным законам, які прадпісвае сядзець дома. Мне цікава з антрапалягічнага зору сачыць за гэтым і канстатаваць, што цяпер і яны, гетэразнаёмыя паспрабуюць на сваёй скуры тое, ува што часта ці то сумысьля, ці то не разьбіраючыся, скідвалі нас.
А калі мы крытыкуем маргінальнасьць і ізаляцыю, на якія нас выракаюць дзяржава і грамадзтва, то на нас глядзяць у лепшым выпадку зь недаверам, у горшым — зь нянавісьцю. Я ж гляджу на гетэразнаёмых у самаізаляцыі з кур’ёзам, а яшчэ з спадзевам на іх адкрытасьць у будучыні, калі яна настане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзь Гарбацкі: Прыйшла пара беларускай гей‐літаратурыЦікава, як гей, я досыць спакойна і гэтым разам з разуменьнем перажываю самаізаляцыю, бо, па-першае, адказнасьць і хваляваньні дысцыплінуюць мяне — ня толькі ў дачыненьні да сябе, бо я не належу да групы рызыкі, а перадусім да іншых, я магу проста заразіць іншых, старэйшых, слабейшых, ня ведаючы таго, а, па-другое, я проста ведаю, што гэта такое — культурна нам навязалі гэтую практыку, зь якой часткова зжыліся ці ня ўсе адкрытыя ці схаваныя геі і лесьбіянкі.
Такім парадкам, каранавірус, які забівае ўсіх без разбору, тым ня менш нясе сьвежы погляд на шматлікія тэмы, у тым ліку на гендэрную няроўнасьць, якая ў звычайны час хавалася, не чыталася, ня бачылася многімі. А цяпер выразна падкрэсьліваецца пандэміяй.
Хочацца верыць — хоць досьвед папярэдніх эпідэміяў і выхаду зь іх дэманструюць, што чалавецтва нічому ня вучыцца — што гэтым разам, здужаўшы вялізарную санітарную вайну ці крызу, мы ўсе выйдзем з самаізаляцыі — хто з часовай, а хто з безупыннай. І зразумеем усе, што перажыўшы падобную пандэмію яе жудасныя фізычныя і псыхалягічныя цяжары, мы мусім радыкальна зьмяніцца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ