У Вербную нядзелю ў Сьвята-Пакроўскую праваслаўную царкву ў Докшыцах прыйшлі чалавек 25. Гэта ў разы меней, чым звычайна, зазначыў Свабодзе настаяцель царквы пратаярэй Георгі Мялешка. Гэты райцэнтар Віцебскай вобласьці стаў адным з асяродкаў пашырэньня каранавірусу ў Беларусі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Таксама няшмат людзей тут чакаюць і на велікодную службу, якая пройдзе ўначы з 18 на 19 красавіка.
«Літаральна 2-3 тыдні таму зьменшыўся паток прыхаджанаў. Раней было ў разы болей», — сказаў айцец Георгі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што хаваюць у Докшыцах? Рэпартаж з райцэнтра, дзе шпіталь перапоўнены хворымі на пнэўманіюСьвятар кажа, што ён сам заклікаў не прыходзіць тых, хто ня ўпэўнены ў сваім здароўі ці баіцца заразіцца. Некаторыя вернікі падчас службы стаяць на вуліцы і слухаюць сьвятара праз дынамікі.
Як і ў большасьці іншых цэркваў, у Докшыцах зьявіўся антысэптык для апрацоўкі рук. Тут рэгулярна прыбіраюць і праціраюць абразы. Такія самыя захады робяцца ў царкве ў Бегамлі ды іншых правасалаўных храмах Докшыцкага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Докшыцы: адна сястра з каранавірусам, другая з пнэўманіяй, муж памёр у шпіталі. Дзе заразіліся, невядома«Я рэкамэндую, каб людзі не падыходзілі да абразоў, каб цалаваньня крыжа не было», — сказаў айцец Георгі.
Успрымацца ад наведваньня храмаў — пазыцыя Беларускай праваслаўнай царквы. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел 14 красавіка заклікаў не наведваць велікодных службаў у наступныя выходныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Павел: «Устрымайцеся ад наведваньня храма, не хадзіце на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу». ВІДЭА«Кажуць, што ў храме благадаць. Благадаць Сьвятога Духа не адмяняе законаў прыроды. Сябры, устрымайцеся ад наведваньня храма. Калі прыходзіце — захоўвайце дыстанцыю», — параіў мітрапаліт Павел.
У горадзе Докшыцы Віцебскай вобласьці, нагадаем, адбылася ўспышка пнэўманіі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 8 красавіка ў раённым шпіталі было 85 пацыентаў з пнэўманіяй, сярод іх і людзі з пацьверджаным каранавірусам. Няпрофільныя аддзяленьні мясцовага шпіталя перавялі пад прыём пацыентаў з пнэўманіяй.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ