Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што БПЦ пачула заклік патрыярха Кірыла ўстрымацца ад наведваньня храмаў у гэты складаны пэрыяд пандэміі каранавірусу ў сьвеце.
«Я заклікаю зразумець патрыярха і ўстрымацца ад наведваньня храмаў. Бо вірус перадацца невядомымі шляхамі. Кажуць, што ў храме — благадаць. Благадаць Сьвятога Духа не адмяняе законаў прыроды. Сябры, устрымайцеся ад наведваньня храма. Калі прыходзіце — захоўвайце дыстанцыю», — параіў мітрапаліт Павел.
«Я пачуў выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, што храмы закрываць ня будуць. Так, там будуць богаслужэньні. Але я яшчэ раз заклікаю: ўстрымайцеся, пабудзьце дома! Маліцеся дома», — заклікаў мітрапаліт Павел.
Асьвячэньне сьвяточных страў абудзецца, але на вуліцы. «Але для нас гэта другасная справа», — кажа мітрапаліт Павел.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл парэкамэндаваў не хадзіць у храмы праз каранавірус
Мітрапаліт Павел просіць не хадзіць на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу
Мітрапаліт Павал згадаў савецкую традыцыю: калі не было магчымасьці пайсьці ў храм, людзі ішлі на Радаўніцу на могілкі. Але традыцыя ісьці ў Вялікдзень на могілкі — не праваслаўная.
«Я хацеў бы заклікаць вас устрымацца. Паверце, Госпад чуе нашы малітвы. Таму лепш і на Вялікдзень, і на Радаўніцу памаліцца дома. Бог вас пачуе», — сказаў мітрапаліт Павел.
Храмы ў Беларусі закрываць ня будуць
Паводле мітрапаліта, адзін выпадак заражэньня сьвятара ў Менску ёсьць. Ён у шпіталі, гэта чалавек сярэдняга ўзросту. Стан у яго не крытычны.
На пытаньне, чаму нельга закрыць храмы наагул, многія краіны ж пайшлі на гэта, мітрапаліт Павел адказаў:
«У нас не такая напружаная сытуацыя, як у іншых краінах. Крамы ж працуюць. Храмаў мы закрываць ня будзем. Але заклікаем вас не хадзіць туды. Так што храмы закрывацца ня будуць, богаслужэньні там будуць працягвацца».
На пытаньне Свабоды аб тым, што, паколькі немагчыма ў маленькіх вясковых храмах трымаць дыстанцыю, ці не прасьцей службы адпраўляць пры зачыненых дзьвярах, бязь вернікаў, Павал усё адно адказаў, што храмаў закрыць яны ня могуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ісьці ў храм ці не — справа сумленьня кожнага». Што сьвятары ў правінцыі кажуць людзям перад вялікімі сьвятамі«Мы будзем рэкамэндаваць выводзіць трансьляцыю ўсяго таго, што адбываецца каля алтара, на вуліцу, на пляцоўку перад царквой, і прасіць людзей не заходзіць у храм, а калі яны заходзяць — усё адно трымаць дыстанцыю», — адказаў Павел.
Мітрапаліта Паўла спыталі, ці стане традыцыяй аблёт тэрыторыі Беларусі, які ён нядаўна зьдзейсьніў? Павел адказаў, што традыцыі ў Праваслаўнай царкве — гэта калі абрады паўтараюцца гадоў трыццаць.
«Але не хацелася б, каб гэта стала традыцыяй, лепш, каб гэта было першы і апошні раз, каб жыцьцё хутчэй аднавілася», — сказаў Павел.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія каталікі на Вялікдзень аддалі перавагу відэаатрансьляцыям з касьцёлаўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва Праваслаўнай царквы абляцела Беларусь на самалёце бізнэс-клясы, які каштуе $5 млн. Схема маршруту
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ