Прадстаўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі Юры Санько паведаміў Свабодзе, што з прычыны пандэміі каранавірусу колькасьць вернікаў падчас службаў у храмах скарацілася ў разы. Гэта сьведчыць і пра дысцыплінаванасьць і грамадзкую адказнасьць людзей адзін перад адным.
Сам айцец Юры — пробашч менскага касьцёла Сьвятога Роха. Паводле яго, калі ў папярэднія гады на Велікодную імшу тут зьбіраліся 300 і больш чалавек, то гэтым разам сьвяточную службу наведалі 60 парафіян. Аналягічная карціна і ў іншых храмах: у лепшым выпадку палова ад ранейшай колькасьці, а звычайна яшчэ меней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цемра эпідэміі ахапіла зямлю». Мітрапаліт Кандрусевіч згадаў пра каранавірус у велікодным пасланьніТак, у менскім катэдральным саборы на імшы, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, разам зь ім маліліся ўсяго некалькі дзясяткаў вернікаў, якія вырашылі асабіста ўдзельнічаць у галоўнай літургіі году.
Бальшыня скарысталася з дадзенай біскупам парады і засталася дома, далучыўшыся да імшы праз тэлетрансьляцыі на канале «Беларусь-1», спадарожнікавым канале «Беларусь 24», на канале міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» і інтэрнэт-каналах у сацыяльных сетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму вы нічога ня кажаце?» Касьцёл патрабуе ад Мінздароўя адказаць, як арганізаваць бясьпеку вернікаў падчас каранавірусуПаводле Юрыя Санько, на фоне эпідэміі каранавірусу абачлівасьць вернікаў цалкам ухвальная, бо сьведчыць пра разуменьне сур’ёзнасьці сытуацыі. Галоўнае, што ў думках і сэрцах гэтыя людзі застаюцца з Богам — толькі ў «Інстаграме» служба з касьцёла Сьвятога Роха набрала амаль паўтысячы праглядаў.
Паколькі няма пэўнасьці, калі будуць адазваныя распараджэньні касьцёльнага кіраўніцтва наконт захадаў засьцярогі, віртуальныя каналы сувязі будуць пашырацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікдзень — дома. Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся да вернікаўНягледзячы на складаныя ўмовы, выкліканыя пандэміяй, хрысьціянскі сьвет годна адзначыў сьвята, значэньне якога ня могуць адабраць ніякія перашкоды, гавораць прадстаўнікі Каталіцкай царквы.
«Эпідэмія перавярнула сьвет з ног на галаву і агаліла яго сутнасныя праблемы, у тым ліку маральныя. Складанасьць сытуацыі паказвае, што сучасная бездухоўная мадэль — беспэрспэктыўная. Неабходна зьмена арыентыраў. Недастакова давяраць толькі эканамічнаму і навуковаму прагрэсу, трэба вярнуцца да каранёў нашай веры і будаваць жыцьцё на духоўным падмурку», — цытуе Тадэвуша Кандрусевіча сайт Каталіцкай царквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баімся, але ідзём». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТААрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў словы папы Францішка, прамоўленыя ім у канцы сакавіка падчас малітвы аб спыненьні каранавірусу. Пантыфік тады сказаў, што неабходна выкарыстаць гэтыя выпрабаваньні як час выбару паміж тым, што застаецца назаўсёды, і тым, што прамінае; аддзяліць неабходнае, ад таго, што такім не зьяўляецца.
«Ахоплены пандэміяй каранавірусу сьвет знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы. Самадастатковы чалавек, які адкінуў Бога і спадзяваўся толькі на свае сілы, нечакана зразумеў, што ён ня „Бог“, а толькі Яго слабое і ўразьлівае стварэньне», — зазначыў першаярарх. З гэтага ён зрабіў выснову, што цяпер людзям варта задумацца над сваім жыцьцём і кардынальна яго зьмяніць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ