Каранавірус выйшаў за межы Докшыц, дзе раённы шпіталь аддалі пад хворых на пнэўманію. Свабода зьезьдзіла ў вёску Гліннае Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці, дзе ў супрацоўніцы школы пацьвердзілі каранавірус. А ў яе сястры і швагра — двухбаковую пнэўманію.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«На пяць хвілін зайшлі ў госьці да сястры. Больш мы нідзе не былі»
Ад 1 красавіка ў вёсцы Гліннае на карантыне школа. Пасьля таго, як у адной з супрацоўніц пацьвердзілі каранавірус, яе калег на два тыдні адправілі на самаізаляцыю. Гэта пацьвердзіла дырэктарка Людміла Асіповіч, зь якой мы пагутарылі цераз плот яе дома. Паводле яе, усе кантакты першага ўзроўню праверылі і больш ні ў кога каранавірус у вёсцы не пацьвердзілі. Але ўсё адно да 14 красавіка супрацоўнікі, якія кантактавалі з інфікаванай калегай, застаюцца на хатняй самаізаляцыі.
«У нас тут усё пад кантролем, — расказалі нам у вясковым фэльчарска-акушэрскім пункце. — Вось у журнале я ўсё вяду. Калі хто зьвернецца з высокай тэмпэратурай, я павінна адразу паведаміць у Докшыцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што хаваюць у Докшыцах? Рэпартаж з райцэнтра, дзе шпіталь перапоўнены хворымі на пнэўманіюУ ФАПе месьціцца і аптэка. Тут ёсьць і маскі, і аднаразовыя пальчаткі.
У пятніцу, калі карэспандэнты Свабоды прыехалі ў Гліннае, вярнуўся з карантыну муж хворай на COVID-19. Ён тры дні быў у аздараўленчым лягеры ў вёсцы Вітунічы, куды звозілі кантакты першага ўзроўню ў Докшыцкім раёне.
Пётра Д. сказаў, што перад тым, як ягонай жонцы стала блага, яны езьдзілі ў госьці да яе сястры ў Докшыцы. Больш нідзе ні ён, ні жонка апошнім часам не былі.
«Яны ўжо хварэлі тады. Швагер яе скруціўшыся ляжаў з тэмпэратурай. Але я во толькі зайшоў і выйшаў ад іх. Жонка, можа, хвілін зь пяць пагаварыла зь сястрой, і мы паехалі» — расказаў Пётра Д.
Неўзабаве пасьля таго візыту стала кепска ягонай жонцы. Яе ванітавала, і сужэнцы выклікалі «хуткую». У шпіталі Лідзіі Д. зрабілі тэст на COVID-19, які даў станоўчы вынік.
«Усе зьдзіўляюцца, адкуль я заразілася»
Тым часам швагру Лідзіі ў Докшыцах стала горш і яго шпіталізавалі разам з жонкай. Абаім паставілі двухбаковую пнэўманію. Цэлы тыдзень у розных палатах докшыцкай лякарні ляжалі трое сваякоў. Але каранавірус пацьвердзіўся толькі ў Лідзіі.
«Усе зьдзіўляюцца, адкуль я заразілася, — кажа па тэлефоне Лідзія Д. — У вашых, кажуць, няма каранавірусу. А вы адкуль яго ўзялі? Мая суседка па палаце таксама ня ведае, дзе заразілася на той „кавід“».
9 красавіка пасьля некалькіх дзён памёр яе швагер Аляксандар Ш. Апошнія дні ён знаходзіўся ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У папярэдніх аналізах каранавірусу ў яго не знайшлі. Пахаваньне праходзіла ў закрытай труне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдсястра з цукровым дыябэтам адмаўляецца працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Загадчык паліклінікі: «Гэта абавязак»Стан абедзьвюх сёстраў добры. У Лідзіі ўвогуле не было ўскладненьняў. Яна сябе добра адчувае. Яе сястра працягвае лячэньне.
Увесь шпіталь у Докшыцах, як пісала Свабода, перапоўнены людзьмі з пнэўманіяй. Пад прыём такіх пацыентаў перавялі дзіцячае, хірургічнае, гінэкалягічнае аддзяленьні і былы радзільны дом.
«Вы напішыце пра нашых мэдыкаў. У нас жа тут лязарэт, і яны працуюць, як на вайне, — дзень і ноч. Апякуюцца над намі. Вось хто героі», — сказала Валянціна Ш.
Тым часам улады адмаўляюць у камэнтарах. Колькі на сёньня ляжыць чалавек у лякарнях Докшыц і Бегамлі, невядома. У колькіх выяўлены каранавірус, таксама. Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан казала, што ня будзе агучваць колькасьць хворых у Докшыцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У супрацоўніцы эпідэміялягічнай службы ў Докшыцах пацьвердзілі каранавірус
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ