12 красавіка споўнілася пяць гадоў няспыннай малітве за Беларусь.
У сакавіку 2015-га вернікі розных канфэсіяў — каталічкі Вольга Севярынец і Юля Фралова, пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павал Севярынец — пастанавілі пачаць несупынную эстафэтную малітву, дзе адзін чалавек браў бы адну гадзіну малітвы за Беларусь на тыдзень.
«На заклік адгукнуліся больш як 200 чалавек, — успамінае Павал Севярынец. — Няспынная малітва пачалася 12 красавіка, на Вялікдзень 2015-га. З таго часу яна не спыняецца. Вернікі моляцца там, дзе яны ёсьць, так, як умеюць, удзень і ўначы — да Бога за Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год няспыннай малітвы за Беларусь«Мы верым, што наша малітва яднае вернікаў розных хрысьціянскіх канфэсій, яднае беларусаў як народ перад Богам, абараняе нашу краіну ў цяжкі час», — кажа каардынатарка няспыннай малітвы Вольга Севярынец.
Звычайна ў кожную гадавіну вернікі зьбіраюцца ў Менску на супольную
малітву. Аднак гэтым разам ва ўмовах пандэміі каранавірусу было вырашана застацца дома.
«Сёньня Беларусі пад пагрозай пандэміі, дыктатуры і расейскай імпэрыі асабліва патрэбная малітоўная падтрымка. Няхай у кожную гадзіну моляцца двое ці трое — тады, паводле Слова Божага, і Ён будзе сярод нас», — перакананыя арганізатары няспыннай малітвы за Беларусь.