У Літве на 12 красавіка вядома пра 1053 выпадкі новага каранавірусу, ад COVID-19 памерлі 23 чалавекі. У краіне абвясьцілі карантын да 27 красавіка, але некаторыя яго парушаюць: зьбіраюцца больш як па два ў грамадзкіх месцах.
Адным з самых папулярных аказаўся парк сакуры, што на паўночным захадзе ад гістарычнага цэнтру Вільні. Намесьнік дырэктара адміністрацыі Вільні Адомас Бужынскас паведаміў 11 красавіка, што парк давядзецца закрыць.
Паводле яго, плыні людзей і транспарту ў Вільні штодзен адсочваюць і аналізуюць, у тым ліку з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў Гэта дазволіла пазьбегнуць закрыцьця паркаў, бо людзі там выконвалі рэкамэндацыі аб дыстанцыянаваньні «і толькі ў выключных выпадках не рэагавалі на гукавыя папярэджаньні дронаў».
Ды парк сакураў кантраляваць не ўдавалася — ён надта вялікі, а «імкненьне рабіць сэлфі большае за нашыя высілкі», і «ні дроны, ні дзяжурныя афіцэры на месцы ня выцягнуць людзей адтуль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы падчас пандэміі сталі менш езьдзіць грамадзкім транспартам, хадзіць у кіно і рэстарацыі, — GoogleСярод суседзяў Беларусі ў Літве цяпер найбольшы распаўсюд каранавірусу на душу насельніцтва. Статыстыка на 12 красавіка такая:
- Літва — 1053 выпадкі COVID-19, каля 387 выпадкаў на мільён жыхароў, памерлі 23 чалавекі;
- Латвія — 651 выпадак, каля 345 на мільён, памерлі 5;
- Беларусь — 2578 выпадкаў, каля 274 выпадкаў на мільён, памерлі 26;
- Польшча — 6356 выпадкаў, каля 168 на мільён, памерлі 208;
- Расея — 15 770 выпадкаў (і рэкордныя 2186 новых выпадкаў за адзін дзень), каля 108 на мільён, памерлі 130;
- Украіна — 2777 выпадкаў, каля 63 выпадкаў на мільён, памерлі 83.
Украіна застаецца на апошнім месцы ў Эўропе паводле выяўленых выпадкаў COVID-19 на душу насельніцтва, але там дзейнічаюць карантынныя захады, да 24 красавіка скасаваныя заняткі ва ўстановах адукацыі і масавыя мерапрыемствы. Як і ў Літве, выходзіць на вуліцу там не забараняюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба быць гатовымі яшчэ да 12-18 месяцаў». Што расказалі экспэрты САЗ пра COVID-19 у БеларусіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.