Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».
Адразу агаваруся, што выступ, агляд якога зрабіў у сакавіку 2000-га Віталь Цыганкоў, быў традыцыйным, прапісаным у Канстытуцыі, пасланьнем прэзыдэнта да парлямэнту.
Абодва гэтыя словы можна браць у двукосьсі — у красавіку 2000-га Лукашэнка вось ужо другі год займаў пасаду прэзыдэнта ў парушэньне Канстытуцыі,прынятай у 1994 годзе (тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся ў 1999 годзе), а прызначаная дэкрэтам Лукашэнкі Палата прадстаўнікоў не была прызнаная міжнароднай супольнасьцю.
Лукашэнка прамаўляў дзьве гадзіны — праз дзесяць і болей гадоў ён пачне ставіць рэкорды выступаў і прэсавых канфэрэнцый па часе, пакінуўшы далёка свайго куміра кубінскага лідэра Фідэля Кастра.
Будуць мяняцца аўдыторыі, але асноўныя тэзы прамоваў Лукашэнкі застануцца нязьменнымі.
У тым ліку і ўсхваленьні сацыяльна-эканамічнай «беларускай мадэлі», асаблівасьці якой гэтымі днямі, у час пандэміі, жыхары Беларусі могуць адчуць напоўніцу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і псыхоз«Хопіць гаварыць пра рэформы!»
Эфір 11 красавіка 2000, Віталь Цыганкоў, Менск
Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да «парлямэнту» й народу. Кіраўнік Беларусі заявіў, што любыя вонкавыя і нутраныя спробы зьмяніць цяперашні курс будуць выкараняцца.
Ужо ў самым пачатку сваёй амаль двухгадзіннае прамовы Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, што пасланьне ёсьць свайго кшталту дырэктываю, абавязковай для выкананьня ўсімі ворганамі дзяржаўнае ўлады. «Намі распрацаваная цэласная канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, што атрымала назву „беларуская мадэль“», — адзначыў Лукашэнка.
Прыярытэты гэтае мадэлі — экспарт, жыльлё, харчаваньне — павінны застацца арыентырамі й на бліжэйшыя пяць гадоў. Гэты курс, паводле Лукашэнкі, Беларусь спакутвала потам і крывёю: «Мы не дапусьцiм умяшаньня ў нашыя нутраныя справы, ад каго б нi зыходзiлi гэтыя спробы! Нас ня варта запалохваць, ня варта шантажаваць, ня варта на нас цiснуць, у тым лiку з боку гэтак званых „настаўнiкаў дэмакратыi“».
З прычыны некаторых асаблівасьцяў характару Аляксандра Лукашэнкі ягоныя лірычныя адступленьні звычайна значна цікавейшыя за падрыхтаваны тэкст. Гэтак было й сёньня. Найбольш яркія выказваньні Лукашэнка зрабіў пад час шматлікіх экспромтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнку меркавалі зрабіць пераемнікам ЕльцынаГаворачы пра эканоміку, кіраўнік Беларусі максымальна канкрэтна выказаў сваю формулу пераменаў: «Калі вы хочаце зьмяняць уласнасьць, то гэта не са мною. Паглядзіце, што адбылося ў Расеі! Хопіць гаварыць пра гэтыя рэформы, давайце ўдасканальваць тое, што ёсьць!». І далей дадаў: «У нас цудоўная краіна, проста лайдакоў шмат».
Якія, сапраўды, патрэбныя рэформы, калі, паводле іншых словаў Лукашэнкі, у Беларусі створаная менавіта тая эканоміка, якая патрэбная нашай дзяржаве?
Кіраўнік краіны паведаміў, што наступная пяцігадовая праграма разьвіцьця павінна быць разгледжаная на другім Ўсебеларускім сходзе, які мусіць прайсьці напачатку наступнага году. Дарэчы, у дакладзе Лукашэнкі не прагучала ацэнка выкананьня папярэдняе праграмы — магчыма, таму, што бальшыня яе паказьнікаў была праваленая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парад 9 траўня Лукашэнка не адменіць: хоча падтрымкі расейскіх «патрыётаў», — палітычны экспэртАсаблівую ўвагу Лукашэнка надаў маючым адбыцца ўвосень парлямэнцкім выбарам, якія ён назваў галоўнай палітычнай задачаю гэтага году. Ён зноў пацьвердзіў, што выбары пройдуць паводле прынятага нядаўна выбарчага кодэксу й чарговы раз падкрэсьліў, што ня мае намеру ісьці на саступкі. «Хачу папярэдзіць, як бы нас ні дзяўблі замежныя эмісары, нічога ў іх не атрымаецца», — сказаў Лукашэнка, і далей, зьвяртаючыся да дэпутатаў, параіў ім спакойна ставіцца да «ляманту» з-за мяжы.
Потым, павярнуўшыся да прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу, ён заклікаў: «Спыніце гэты прэсінг, калі вы хочаце мець добрыя стасункі з нашай дзяржавай». Дарэчы, калі дэпутат Шпілеўскі прапанаваў прыняць жорсткія захады супраць місіі АБСЭ ў Менску, Лукашэнка адказаў, што супрацоўнікі Кансультацыйна-назіральнае групы не перайшлі пэўнае мяжы, а таму, маўляў, няхай пакуль застаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марш свабоды ў 2000-м: 40 тысяч супраць інтэграцыіКіраўнік дзяржавы выказаў поўную падтрымку цяперашняму складу гэтак званага «парлямэнту». Варта нагадаць, што дэпутаты «Палаты прадстаўнікоў» былі прызначаныя самім Лукашэнкам пасьля рэфэрэндуму 1996 году, легітымнасьць якога не прызналі міжнародныя структуры. Лукашэнка запэўніў дэпутатаў, што народ, падумаўшы, выбярэ менавіта іх, а ня іншых. А выканаўчая ўлада зробіць усё, каб гэтаму дапамагчы.
Надзвычай мала, усяго некалькі фразаў, прамовіў сёньня Лукашэнка пра Расею. Заявіўшы, што яна застаецца галоўным вонкапалітычным вэктарам, Лукашэнка асабліва падкрэсьліў, што пры любых варыянтах інтэграцыі Беларусь ёсьць і застаецца незалежнай сувэрэннай дзяржаваю. Відавочна, напярэдадні візыту ў Беларусь Уладзімера Пуціна Лукашэнка вырашыў не рабіць аніякіх небясьпечных заяваў на тэму інтэграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка не падтрымаў Пуціна на выбарах у 2000-м