Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш свабоды ў 2000-м: 40 тысяч супраць інтэграцыі


Марш Свабоды, 1999. Ілюстрацыйнае фота
Марш Свабоды, 1999. Ілюстрацыйнае фота

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

Намер Ельцына і Лукашэнкі стварыць гэтак званую саюзную дзяржаву быў у Беларусі сустрэты масавымі вулічнымі акцыямі пратэсту. «Марш Свабоды-2» — адна з найбольш шматлюдных.

Першы «Марш свабоды», арганізаваны апазыцыяй у кастрычніку 1999 году (незадоўга перад падпісаньнем Ельцыным і Лукашэнкам дамовы аб Саюзнай дзяржаве) адзначыўся брутальнымі сутыкненьнямі ўдзельнікаў з міліцыяй і АМАПам. Міліцыянты выкарыстоўвалі сьлезацечны газ, маніфэстанты абараняліся каменьнем і пліткай.

Другі «Марш свабоды» быў прызначаны на 15 сакавіка 2000 і прымеркаваны да дня прыняцьця Канстытуцыі. Акцыі папярэднічалі заявы заходніх палітыкаў пра недапушчальнасьць выкарыстаньня сілы супраць мірных дэманстрантаў; Дзярждэпартамэнт ЗША і Белы дом выступілі з асобнымі заявамі.

У тыя дні міжнародная супольнасьць салідарызавалася ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў.

Выглядае, гэта і стрымала Лукашэнку, які за суткі да пачатку маршу пагражаў, што ад удзельнікаў акцыі «паляціць шмацьцё».

У рэпартажы карэспандэнтаў Свабоды колькасьць удзельнікаў акцыі называлася ў 20 тысяч, але пазьней яна была скарэктаваная — прынята лічыць, што агулам у ёй узялі ўдзел да 40 тысяч чалавек (некаторыя не сышлі, не застаўшыся на канцэрт, іншыя прыйшлі толькі на мітынг).

Аднак тое, што акцыя прайшла мірна, Лукашэнка ўспрыняў як паразу (быў вымушаны саступіць ненавіснаму Захаду) — і ўжо праз дзесяць дзён на Дзень Волі ў Менску былі затрыманыя больш чым 500 чалавек. Людзей па-просту выхоплівалі на вуліцах, пачуўшы беларускую мову.

Але тады, 15 сакавіка, многім здавалася, што апазыцыі ўдалося выйсьці на якасна новы ўзровень.

Падсумоўваючы вынікі «Маршу свабоды-2» у эфіры Радыё Свабода, палітоляг Віталь Сіліцкі выказаў меркаваньне, што зьмены ў Беларусі магчымыя толькі мірным шляхам, па прыкладзе «аксамітнай рэвалюцыі» у Празе ў 1989-м. Зь ім не пагадзіўся Ян Максімюк, спаслаўшыся на раз’яднанасьць беларускага грамадзтва і слабасьць апазыцыі.

Ці аб’ядналася грамадзтва за гэтыя 20 гадоў, якія прайшлі пасьля той веснавой акцыі, ці ўзмацнілася за гэты час апазыцыя? — на гэтыя пытаньні чытач можа адказаць сам.

Аляксандар Лукашэнка: «Крок управа, крок улева — шмацьцё паляціць»

Эфір 14 сакавіка 2000, Юры Дракахруст

З асаблівым імпэтам кіраўнік дзяржавы адказваў на пытаньне аб сваім стаўленьні да «Маршу Свабоды», які адбудзецца заўтра.

Лукашэнка заявіў, што яго зьдзівіла рашэньне Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту дазволіць акцыю. Але дасталася ня толькі сталічным чыноўнікам. Удзельнікаў апазыцыйных акцыяў выступоўца назваў «аторвышамі», якія адпрацоўваюць амэрыканскія грошы й праводзяць акцыі, каб атрымаць яшчэ.


Паводле зьвестак Лукашэнкі, нейкі апазыцыянэр заявіў, што на выбары апазыцыя павінна браць грошы ў бандытаў, а Амэрыка дае кірунак — зьнішчыць Беларусь. Прагучалі й пагрозы: «Крок управа, крок улева — шмацьцё паляціць. І хай потым АБСЭ ня бегае за мной і ня просіць».


Праваабаронца Алена Бонэр: «Як у сталінскай калёне вязьняў»

Эфір 14 сакавіка 2000, Сяргей Навумчык

(Навумчык: ) «Алена Георгіеўна, пад час свайго апошняга выступу Лукашэнка пагражаў удзельнікам сёньняшняга «Маршу свабоды — 2»: калі будзе зроблены «крок улева, крок управа. — паляціць ашмецьце...»

(Бонэр: ) «Як у сталінскай калёне вязьняў. Крок улева, крок управа — страляць. Ваш Лукашэнка вельмі падобны да гэтага. Я ня ведаю, так бы мовіць, тэрміну лукашэнкавай дыктатуры. Я з гарачай сымпатыяй стаўлюся да беларускага народу. Наагул, вельмі дзіўна. Беларускі народ, які на палёх сваёй зямлі нямецкім захопнікам, якія ішлі захапіць Беларусь і Расею, прадэманстравалі надзвычайную мужнасьць, надзвычайны гераізм і паказаў высокамаральны прыклад іншым народам, у тым ліку расейскім. Як ён цяпер трывае гэта?»

Адміністрацыя ЗША засьцерагла ўрад Беларусі ад разгону мірных дэманстрацыяў

Эфір 14 сакавіка 2000

«Злучаныя Штаты энэргічна заклікаюць беларускія ўлады выконваць міжнародныя абавязкі, паважаць свабоду слова і сходаў і не падаўляць гэтыя маніфэстацыі» — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША.

Першая дэманстрацыя — «Марш свабоды — 2» — мае адбыцца ў бліжэйшую сераду, а наступная прызначаная на 25 сакавіка. Затым плянуецца правесьці маніфэстацыю 26 красавіка — у дзень Чарнобыльскай катастрофы.

У заяве Дзяржаўнага Дэпартамэнту адзначаецца, што «паўтор жорсткага і бессэнсоўнага падаўленьня „Маршу Свабоды“, які адбыўся 17 кастрычніка, толькі паглыбіць цяперашні палітычны крызіс у Беларусі і будзе мець адмоўныя наступствы для адносінаў Беларусі з супольнасьцю эўра-атлантычных дэмакратыяў».

У сваю чаргу, прэсавы сакратар Белага Дому Джо Локхарт заявіў, што прызначаныя маніфэстацыі «маюць мірную мэту, яны накіраваныя на падтрымку грамадзкасьцю правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама на супраціў апазыцыі антыдэмакратычнаму рэжыму ў Беларусі».

Вінцук Вячорка: «Грамадзтва цалкам пераадолела страх»

Эфір 15 сакавіка 2000, Алена Радкевіч

(Радкевіч:) Нашыя карэспандэнты рухаюцца разам з калёнай дэманстрантаў. Зараз яны на вуліцы Сурганава. Наўпроставае ўключэньне Менску.

(Каліноўскі: ) «Вуліца Сурганава значна больш вузкая, чым праспэкт Скарыны і таму кіраваць калёнай больш складана.

Сярод незвычайных аздабленьняў калёны я зараз бачу ў моладзі на тварах да болю знаёмыя маскі — вусатыя і насатыя — гэта нешта новае прыдумалі дэманстранты. Ну і шмат знаёмых і новых лёзунгаў. Можна сказаць, што пакуль сьвята ўдалося. Пра сэнс гэтай акцыі я папрасіў расказаць спадара Вячорку, які знаходзіцца побач са мной.

Алесь Бяляцкі і Вінцук Вячорка. Спальваньне саюзнай дамовы з Расеяй,
Алесь Бяляцкі і Вінцук Вячорка. Спальваньне саюзнай дамовы з Расеяй,


(Вячорка: ) «Сэнс гэтай акцыі, зразумела, ня простае адзначэньне 15 сакавіка як Дня Канстытуцыі 94-га году, бо, ведама, мы ўсе не прызнаем таго канстытуцыйнага перавароту, які быў учынены ў 96-м годзе. То бок, гэта перадусім сьведчаньне, што мы зь пераваротам ня згодныя.

Гэтая акцыя мае цэлы шэраг значэньняў: за Беларусь, за свабоду, за незалежнасьць, пад агульным назовам „Вясна-2000“.

Задача гэтай акцыі засьведчыць, што грамадзтва цалкам пераадолела страх, пераадолела тую прапагандовую накачку, якой суправаджаўся першы Марш Свабоды, калі былі правакацыі, арганізаваныя ўладамі.
Задача гэтай акцыі засьведчыць і беларускаму грамадзтву, і ўсяму сьвету, і Расеі напярэдадні ейных выбараў, што Беларусь — не кавалак, які вельмі лёгка праглынуць, і што Беларусь прагне вярнуцца ў сям’ю цывілізаваных народаў.

Вельмі важны акцэнт, асабліва, актуальны ў зьвязку з цяперашняй дэмагогіяй, якой поўніцца афіцыйны эфір і старонкі афіцыйных газэтаў.

Мы, удзельнікі сёньняшняга Маршу, выступаем за перамовы, за двухбаковыя палітычныя перамовы паміж рэжымам і палітычнай незалежніцкай апазыцыяй пры пасярэдніцтве АБСЭ, і ў тым фармаце, які быў узгоднены ў 1999 годзе. І ніякія аморфныя дыялёгі ня могуць замяніць такіх перамоваў».

(Радкевіч: ) «Спадар Вячорка, я памятаю, што летась вы спалілі тэкст беларуска-расейскай дамовы, тым самым паказаўшы сваё стаўленьне да яе. Скажыце, калі ласка, вы нічога не зьбіраецеся паліць сёньня?»

(Вячорка: ) «Не, сёньня я не зьбіраюся паліць, сёньня я зьбіраюся раздаваць запрашэньні на 25 сакавіка, на Дзень Незалежнасьці, які павінен стаць адным зь пікавых дзён у барацьбе за абарону незалежнасьці Беларусі, супраць інтэграцыйных намаганьняў, якія з прыходам да ўлады Пуціна, становяцца ўсё больш цынічнымі.

А тое, што я спаліў тэкст дамовы — я гатовы спаліць яго тысячу разоў, таму што тое, што расейскія эмісары сёньня прыяжджаюць у Беларусь, зьвязаныя з войскамі і спэцслужбамі, паказвае, якім зьместам напаўняецца гэтая так званая саюзная дамова».

(Радкевіч: ) «Нагадаю, што на сувязі быў старшыня БНФ Вінцук Вячорка. Валер, колькі паводле тваіх ацэнак, знаходзіцца ў калёне чалавек?»

(Каліноўскі: ) «Я гэтае пытаньне задаў падпалкоўніку, які кіруе грамадзкім парадкам. Ён адказаў, што ня ведае. Але калі мы былі прыблізна ля ўнівэрсаму „Рыга“, ён сказаў, што хвіліну назад калёна сышла нарэшце з праспэкту Скарыны. Такім чынам, яна расьцягнулася кілямэтры на два. Я мяркую, што тысяч 15-20 ёсьць. Людзі яшчэ далучаюцца».

(Радкевіч: ) «То бок, можна сказаць, што колькасьць удзельнікаў перакрыла леташнюю».

Віталь Сіліцкі: «Фармуецца даволі моцнае ядро, здольнае хацець зьменаў»

Эфір 19 сакавіка 2000, Алена Радкевіч

(Радкевіч): На гэтым тыдні ў Беларусі адсьвяткавалі Дзень Канстытуцыі — Канстытуцыі 94 году. І да гэтай жа даты група палітыкаў новай хвалі прымеркавала правядзеньне Маршу Свабоды-2. Гэтая акцыя стала яшчэ больш масавай, чымся папярэдняя — зарганізаваная 17 кастрычніка летась. Прызнаць гэты факт быў вымушаны нават Лукашэнка. Маршу Свабоды-2 папярэднічала беспрэцэдэнтная міжнародная падтрымка — аж да заявы Белага Дому. Акцыя прайшла мірна, арганізатары заявілі яе, як пачатак «Вясны-2000». Аднак, ужо празь дзень гарадзкія ўлады абвясьцілі, што маюць намер забараніць надалей шэсьці апазыцыі.

(Сіліцкі: ) Сёньня што мы пабачылі: калі сышлі ўсе кардоны, увесь АМОН — пратэст стаў цывілізаваным, апазыцыя спакойнай, народ (той жа, што хадзіў і на папярэднія акцыі) стаў мірным. І грамадзтва гэта ня можа не заўважыць.

Са мной, можа, ня ўсе пагодзяцца, але я думаю, што найбольш верагодны шлях пераходу да дэмакратыі ў Беларусі — гэта шлях мірны. Канешне, могуць быць масавыя пратэсты, маніфэстацыі — гэта ўсё неабходна і цалкам апраўдана, але я ня думаю, што можна разьлічваць на такі вялікі выбух, які адбыўся, скажам, у Чэхаславаччыне ў 89 г., калі адбылася аксамітная рэвалюцыя. На жаль, стан нашага грамадзтва крыху іншы, але ўжо фармуецца даволі моцнае ядро, якое здольнае хацець гэтых зьменаў і штосьці рабіць, каб іх дасягнуць.

Магчыма, для нас больш верагодным стане шлях польскі ці вугорскі, дзе апазыцыя мусіла пайсьці на выбары, зарганізаваныя камуністычнай намэнклятурай, і на іх перамагчы. Гэта спрэчны пункт погляду, але мне здаецца, што ў такіх умовах, калі супраціў даволі пасіўны — больш мірныя спосабы барацьбы і пераходу да дэмакратыі больш верагодныя ў Беларусі«.

(Максімюк: ) «Я не падзяляю аптымізму майго суразмоўцы, што гэты пераход можа адбыцца так гладка і мірна, як у Польшчы ці Чэхаславаччыне. Перш за ўсё, таму, што ў гэтых краінах усё ж існавалі пэўныя цэнтры грамадзянскай супольнасьці, непадуладныя рэжыму. Грамадзтва не было так разьяднанае, як беларускае. Мы маем амаль поўную разьяднанасьць апазыцыйнай інтэлігенцыі, рабочых у гарадох і калгасьнікаў на вёсцы. Магчымасьць выйграць парлямэнцкія выбары ў Беларусі, каб потым пераняць уладу, пры такой сытуацыі — амаль што нулявая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG