Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не падтрымаў Пуціна на выбарах у 2000-м


Уладзімер Пуцін, сакавік 2000
Уладзімер Пуцін, сакавік 2000

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

На першых прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Пуціна, якая прайшлі ў Расеі ў 2000 годзе, Аляксандар Лукашэнка яго не падтрымаў .

Чаму?

Мой адказ на гэтае пытаньне просты: таму што ў свай час сам разьлічваў заняць месца Ельцына ў Крамлі, пра што сьведчаць некаторыя ягоныя былыя паплечнікі. Таму і былі падпісаныя адна за другой «саюзныя» дамовы — у 1996 (Дамова аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі), 1997 (Дамова аб Саюзе Беларусі і Расеі) і, нарэшце, апагей — Дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, якую 8 сьнежня 1999 Ельцын і Лукашэнка замацавалі разьбіваньне крыштальных бакалаў у Крамлі.

Праўда, апошняя падзея для Лукашэнкі была крыху азмрочаная наяўнасьцю ў атачэньні нямоглага расейскага прэзыдэнта энэргічнага прэм’ера — ну але хіба толькі крыху, бо ў 1999 годзе прэм’ераў у Расеі зьмянілася аж тры. Да таго ж, Аляксандар Рыгоравіч адчуваў магутную падтрымку губэрнатараў-камуністаў (так званага «чырвонага поясу») і камуністычнай фракцыі Дзярждумы.

А потым, ну хто такі Пуцін? Так, пабыў нейкі час кіраўніком ФСБ, але да гэтага працаваў намесьнікам Барадзіна — у перакладзе на беларускую, намесьнікам Ціцянкова. Сьмех, ды й толькі.

Але акурат праз тры тыдні, у апошні дзень 99-га, Ельцын выступіў па тэлебачаньні і падаў у адстаўку, пад тэлекамэры сказаўшы Пуціну — «Беражыце Расею».

Пуцін пачаў выконваць абавязкі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Гэта была пазыцыя, зь якой у змаганьні на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах ён не пакідаў сваім канкурэнтам ніякіх шанцаў.

У матэрыяле Валера Каліноўскага, які зьмешчаны ніжэй, зьвяртаюць на сабе ўвагу прагнозы апытаных палітыкаў наконт таго, што інтэграцыя можа перайсьці з палітычнага ў эканамічнае рэчышча, і «дагуляцца» можна да таго, што не застанецца ніякага іншага выйсьця, як толькі ў Расею. І што імкненьне Расеі паглынуць Беларусь ня зьнікне.

Аднак прагноз на тое, што стварэньне Расеяй канкурэнтнага асяродзьдзя стымулюе і беларускае кіраўніцтва да эканамічных «рэальных рынкавых пераўтварэньняў» — ня спраўдзіўся.

Ды і тое, што цяпер, праз 20 гадоў пасьля прыходу ва ўладу Пуціна, існуе ў Расеі, вельмі ўмоўна можна назваць рынкам і справядлівай канкурэнцыяй — некаторыя экспэрты вызначаюць гэта як «адміністрацыйна-карупцыйны капіталізм».

Лукашэнка адмежаваўся ад прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі

Валер Каліноўскі, эфір 23 сакавіка 2000

Аляксандар Лукашэнка выразна адмежаваўся ад цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі (у адрозьненьне ад папярэдніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў). Ён фактычна не выказаў падтрымкі аніводнаму з прэтэндэнтаў, у тым ліку і яўнаму фаварыту Ўладзімеру Пуціну. Як ацэньваюць гэты факт беларускія палітыкі?
Адносна праблемы расейскіх выбараў Аляксандар Лукашэнка публічна выказваўся ўсяго два-тры разы. Найбольш шчырай была ягоная размова з журналістамі Санкт-Пецярбургу, калі ён заявіў, што ня мае намеру да 26 сакавіка наведвацца ў расейскія рэгіёны, каб не рабіць гэтым уплыву на прэзыдэнцкую кампанію.

Як прызнаў дырэктар Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры прэзыдэнцкай адміністрацыі Яўген Матусевіч, Лукашэнка, сапраўды, адмежаваўся ад усіх палітычных блёкаў, што ўдзельнічаюць у расейскіх выбарах, каб ня даць ім магчымасьці выкарыстаць гэтак званую «беларускую карту».

Вядомы палітык Мечыслаў Грыб так пракамэнтаваў нежаданьне Лукашэнкі ўплываць на расейскую выбарчую кампанію:

«Ён зразумеў, што будзе ён умешвацца ці ня будзе — гэта ніколькі ня будзе ўплываць на вынікі выбараў. Прайшоў час яго ўмяшаньня туды, ён ужо ад’езьдзіў сваё. Інтэграцыя можа й ня зьнікнуць, але ўмовы гэтай інтэграцыі будуць выкладзеныя зусім па-іншаму. Могуць зрабіць так, што абставяць Беларусь і выставяць у такім сьвеце, што ёй наогул ня будзе куды дзявацца, як толькі ў Расею. Таму што гулялі — гулялі, прыйшоў час — і дагуляліся. З Расеяй ніколі нельга „гуляць“, тым больш такой дзяржаве як Беларусь, гэта вельмі небясьпечна, і я баюся, што гэтая небясьпека можа адбыцца пасьля выбараў, таму што далёка ўжо залезьлі — самі, ніхто не прасіў...», — гаварыў Мечыслаў Грыб.

У гэтай праблеме найбольш важным можна лічыць фактар Пуціна як выразнага лідэра прэзыдэнцкае кампаніі. Беларускія палітыкі, як апазыцыйныя, так і ад улады, не сумняюцца, што пераможа Пуцін. Але яны яшчэ вельмі дрэнна яго ведаюць. І выказваюць пэўную боязь ягонай выразна агрэсіўнай палітыцы. Дэпутат «Палаты прадстаўнікоў» Сяргей Касьцян, напрыклад, мяркуе, што пры Пуціне магчымае разрабаваньне беларускае ўласнасьці расейскімі алігархамі. Не выключае гэтага і апазыцыйны дзеяч Мечыслаў Грыб. Абодва мяркуюць, што пры Пуціне інтэграцыйныя працэсы могуць значна запаволіцца.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што абраньне Пуціна можа азначаць працяг ранейшае палітыкі паглынаньня Беларусі Расеяй. Тым ня менш, Багданкевіч мяркуе, што Лукашэнка цяпер можа пачаць сумнявацца ў слушнасьці свайго курсу на поўную інтэграцыю, паколькі ён гатовы аддаць Беларусь за Крэмль, але не за проста так...

Цікава, што прыблізна гэтак жа мяркуе і прадстаўнік «Палаты прадстаўнікоў» Пятро Жушма, які лічыць, што Лукашэнка перажывае пэрыяд выпрацоўкі новых падыходаў у сваіх адносінах да Расеі, у тым ліку й адносна рэалізацыі хаўруснае дамовы. Пад гэтымі новымі падыходамі Пятро Жушма разумее наступнае:
"Пасьля таго, як на палітычнай арэне зьявіўся Пуцін, Аляксандар Рыгоравіч будзе самым моцным абаронцам беларускага сувэрэнітэту. Ён абдумвае, як гэты сувэрэнітэт Беларусі захаваць, абараніць і памножыць, — зазначыў Пятро Жушма, які лічыць што пасьля выбараў у Расеі інтэграцыя пойдзе ня столькі ў палітычнай форме, колькі ў эканамічнай. Пры гэтым Жушма выказвае спадзеў, што ажыўленьне расейскай эканомікі створыць такое канкурэнтнае асяродзьдзе, што прымусіць і Беларусь ісьці шляхам больш рэальных рынкавых пераўтварэньняў.


Як Пятро Жушма, так і Мечыслаў Грыб мяркуюць, што пэрыяд палітычнае рыторыкі ў адносінах Беларусі й Расеі зьменіцца на прагматычныя грашовыя разьлікі. І ніхто не сумняецца, што ў любым выпадку адносіны Беларусі й Расеі будуць няпростымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG