У радзільні 3-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску знаходзяцца на лячэньні чатыры цяжарныя з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй, паведаміла Мінздароўя ў афіцыйным Тэлеграм-канале.
Паводле Мінздароўя, іх стан стабільны. Адна з жанчын паступіла з тэмпэратурай, кашлем і дыхавіцай. Цяпер зь ёй усё добра, стан яе здароўя боязі не выклікае.
Акрамя жанчын з пацьверджаным дыягназам COVID-19, у радзільным аддзяленьні знаходзяцца і некалькі цяжарных, якія зьяўляюцца кантактамі першага ўзроўню.
Пазьней падчас прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя Беларусі аб сытуацыі з пандэміяй каранавірусу і барацьбой з COVID-19 у Беларусі намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан удакладніла, што ўсяго па Беларусі каранавірус выявілі ў пяці цяжарных жанчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні масак, ні антысэптыкаў, ні пітной вады». Дзяўчына трапіла ў шпіталь і стала там кантактам першага ўзроўню па каранавірусеШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.