У суполцы БРСМ «УКантакце» маскі называлі «пазэрствам». Аднак дэпутат Сяргей Клішэвіч, які ўзначальвае Менскі камітэт БРСМ, кажа, што дзяржава максымальна імкнецца задаволіць патрэбу ў масках. «Калі людзі хочуць, то трэба забясьпечыць».
У канцы сакавіка Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі заклікаў у сваёй суполцы «Ўкантакце» захоўваць спакой і не паддавацца ніякай паніцы, калі «ўсясьветныя СМІ расказваюць пра ажыятаж у чэргах». Таксама БРСМ патлумачыў сваю пазыцыю супраць нашэньня масак.
Маўляў, «некаторыя людзі, асабліва чытачы палітызаваных апазыцыйных паблікаў, надзяваюць мэдычныя маскі на твары ня дзеля клопату пра здароўе, а з пачуцьця пазэрства, лішні раз дэманструючы такім чынам сваю «асаблівую пазыцыю».
Пасьля гэтага камэнтару прайшло больш за два тыдні. Ці памянялася стаўленьне БРСМ да масак? У ЦК атрымаць адказ на гэтае пытаньне карэспандэнту Свабоды не ўдалося.
Сытуацыю патлумачыў дэпутат Сяргей Клішэвіч, які ўзначальвае Менскі камітэт БРСМ. Што да ранейшага камэнтару БРСМ, то, паводле Клішэвіча, «сёньня значна палітызаваная тэма барацьбы з каранавірусам ва ўсім сьвеце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэту«І ў нас у тым ліку многія спрабуюць выкарыстоўваць яе для нейкіх сваіх мэтаў. Я ня буду пераходзіць на асобы. Але гэта бачна няўзброеным вокам. Таму можа зьяўляцца шмат чаго незразумелага з розных бакоў. Наша задача тут — максымальна захаваць спакой, патлумачыць людзям, як сябе неабходна паводзіць, дапамагчы людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу. Абмяркоўваць, даваць ацэнкі нечым дзеяньням — гэта справа невысакародная, бо мы ня ведаем пэўна, як сябе трэба правільна паводзіць. І кіруемся тым невялікім вопытам, які сёньня ў сьвеце ёсьць».
Дык ці трэба людзям насіць маскі, каб засьцерагчыся ад каранавірусу і засьцерагчы іншых? Паводле Сяргея Клішэвіча, «гэта асабістая пазыцыя кожнага».
«Сёньня дзяржава максымальна стараецца даць магчымасьць ня толькі па масках, а і іншых засьцерагальных сродках, каб у кожнага яны былі. Але з гледзішча мэдыцыны маскі фактычна да абароны ніякіх адносін ня маюць, гэта ня тыя маскі, якія носіць бальшыня нашых жыхароў. Яны найперш прадугледжаныя для тых, хто захварэў. Ім неабходна насіць маскі, каб ня быць разносчыкамі. Але абараніцца маскай немагчыма, гэта агульнапрызнана.Таму калі дзеля супакою душы чалавек хоча сябе так засьцерагчы, дзеля псыхалягічнага спакою, то гэта нікому нельга забараняць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: На пажарах у разы больш гіне, чым ад каранавірусуПаводле Сяргея Клішэвіча, дзяржава максымальна імкнецца задаволіць патрэбу ў масках. «Калі людзі хочуць, то трэба забясьпечыць».
«У нас калі па масках нейкія складанасьці сустракаюцца, то сёньня мы бачым, як максымальна дзяржава напружвае сілы, каб стопрацэнтна забясьпечыць патрэбу і ў такім сродку магчымай абароны, як маскі».
Валянтэры БРСМ, якія дапамагаюць людзям сталага веку, ужо надзяваюць маскі, пальчаткі і карыстаюцца антысэптыкамі.
«Мы маем справу зь людзьмі сталага веку, і каб найперш засьцерагчы іх ад перадачы нейкіх інфэкцый, мы забясьпечылі актывістаў сродкамі індывідуальнай абароны. Хоць зьнешне мы гэтых прыкмет можам і ня бачыць у нашых маладых людзей. Калі нейкія найменшыя прыкметы прастуды ёсьць, то да такой працы яны не дапускаюцца. Але мы стараемся максымальна працаваць бескантактна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуемся да школы». Мінадукацыі ня мае рашэньня аб карантыне, апошні дзень вакацыяў 11 красавікаЯкім чынам валянтэры БРСМ забясьпечаныя маскамі і іншымі сродкамі?
«Калі мы працуем з паліклінікамі па дастаўцы рэцэптаў сталым людзям, то нам дапамагаюць паліклінікі, у іх ёсьць неабходныя сродкі. А калі гэта цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва, дзе мы дапамагаем дастаўляць харчы, то там набылі іх самастойна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ