«У адзін цудоўны дзень пасьля зьмены адчуў сябе нядобра, — расказвае доктар аднаго зь віцебскіх шпіталяў, які захварэў на каранавірус. Па просьбе героя рэдакцыя Свабоды не раскрывае яго імя і спэцыяльнасьць, але ён з тых дактароў, што «на перадавой».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Увечары паднялася тэмпэратура, жудасна балела галава і вочы. Зьвярнуўся раніцай у інфэкцыйны кабінэт паліклінікі, бо тыя, у каго падвышаная тэмпэратура, ідуць празь яго», — тлумачыць доктар.
Пасьля ён пайшоў на бальнічны, а на наступны дзень самастойна здаў аналіз на Covid-19.
«Патлумачыў, кім працую, і ў мяне ўзялі мазок. Праз тры дні мне патэлефанавалі на мабільны і паведамілі, што мой аналіз станоўчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!Лекар ляжыць у шпіталі каля 10 дзён і кажа, што лячэньне праходзіць нармальна: «Добрыя мэдыкі, вельмі ўважлівыя», — дадае ён і выказвае падзяку калегам. Паводле яго, у шпіталі мэдыкі ляжаць разам зь іншымі хворымі.
«Тут тых, хто захварэў, ня дзеляць на мэдыкаў, бізнэсоўцаў, трактарыстаў. Усе са станоўчым ляжаць разам. У палаце тры-чатыры чалавекі. Я ня ведаю, колькі мэдыкаў хварэе, але канкрэтна маіх знаёмых каля 10 чалавек».
Цяпер доктар адчувае сябе добра.
«Амаль вылечылі пнэўманію. Каранавірусная інфэкцыя дала ўскладненьні — двухбаковая вірусная пнэўманія. Нядаўна бралі мазок. На жаль, ён дагэтуль станоўчы. Пакуль ня будзе двух мінусаў запар, ня выпішуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапа распаўсюду каранавірусу ў Беларусі. Дадайце ваш населены пунктЁн паўтарае парады, якія даўно гучаць адусюль: па магчымасьці пазьбягаць масавых месцаў, захоўваць дыстанцыю ў крамах і мыць рукі.
«Я быў у шоку ад вербнай нядзелі [ад колькасьці чалавек, якія прыйшлі да касьцёла ў Менску. — РС]. Чалавек, сам не падазраючы таго, можа быць носьбітам вірусу без усялякай сымптаматыкі. Або можа думаць, што ў яго звычайная прастуда, тым самым у натоўпе людзей заразіць вялікую колькасьць. Калі чалавек адчувае, што ён захворвае, трэба сачыць за падвышэньнем тэмпэратуры цела, за сваім станам. Калі ёсьць сымптаматыка — выклікаць участковага тэрапэўта».
Пра агульную сытуацыю з каранавірусам доктар кажа, што яна «канечне, ня вельмі».
«Але я вам скажу, што была ўжо падобная сытуацыя са сьвіным грыпам — быццам бы ў 2009 годзе. Дый па ўсім сьвеце людзі паміраюць ад інфаркту міякарда, вострых парушэньняў мазгавога кровазвароту, ад анкалягічных захворваньняў і гэтак далей.Таму, спадзяюся, неўзабаве ў нас усё супакоіцца. Мэдыкі працуюць на знос. Ня толькі мэдыкі, але і ўвесь пэрсанал шпіталяў, хуткай дапамогі, санітары і кіроўцы. Паклон людзям, якія змагаюцца цяпер з гэтым вірусам».
Пасьля выпіскі са шпіталя доктар працягне працу: «Калі выбіраў гэты шлях, ведаў, куды іду. Пайду на дапамогу сваім калегам».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ