«Рыхтуемся да школы». Мінадукацыі ня мае рашэньня аб карантыне, апошні дзень вакацыяў 11 красавіка

Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на сытуацыю з пандэміяй каранавірусу, у Беларусі не плянуецца абвяшчаць карантын ва ўстановах адукацыі.

Як сказала Свабодзе прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая, «рашэньня ніякага няма, рыхтуемся да школы».

Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік тым часам сьцьвярджае, што наконт карантыну «адзінай думкі няма», і 40% бацькоў супраць працягу школьных вакацыяў (колькі за і адкуль такая статыстыка, ён не ўдакладніў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі назвала даты апошніх званкоў і выпускных у беларускіх школах. Пра каранавірус згадкі няма

У Беларусі не абвяшчалі карантыну ў навучальных установах, але падоўжылі школьныя вакацыі на 6 дзён — да 11 красавіка ўключна.

Беларусы накіроўвалі дзяржаўным органам і міжнародным арганізацыям шэраг пэтыцыяў за карантын у навучальных установах. Два тыдні таму на зварот за карантын у навучальных установах, апублікаваны на Petitions.by і падпісаны 16 тысячамі беларусаў, Мінадукацыі і Рэспубліканскі цэнтар гігіены адказалі, што цяперашніх захадаў супраць распаўсюду вірусу дастаткова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават дырэктарам падключыцца да Zoom праблема!» Ці рэальна ў школах Беларусі ўвесьці дыстанцыйнае навучаньне?

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя 9 красавіка заклікаў Беларусь разглядзець пераход да больш жорсткіх захадаў: пераводу на дыстанцыйнае навучаньне, забароны масавых мерапрыемстваў, увядзеньня карантыну.

Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што «патрабаваньні падоўжыць вакацыі з боку бацькоў, мэдыцыны — гэта няправільна», але вусна дазволіў бацькам не выпраўляць дзяцей у школу. Кіраўнік дзяржавы працягвае называць пандэмію каранавірусу «псыхозам» — так, 9 красавіка ён расказаў, што «мы ўсе захварэлі на грып, назву яму новую прыдумалі, новы каранавірус і гэтак далей, не ўнікаючы ў сутнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на вечар 8 красавіка, пацьверджаныя 1486 выпадкаў COVID-19, памерлі 16 чалавек, выпісаныя здаровымі 77 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ