У Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце пацьвердзілі, што на каранавірус захварэла супрацоўніца тэхнічнай службы, якая працуе гардэробшчыцай.
«У мяне няма інфармацыі пра іншых, хто б захварэў у нашай ВНУ. Пасьля ў лякарню забралі цесьляра, правяралі дворнікаў, якія зь ёй кантактавалі, але мне невядома, ці яны захварэлі», — сказаў Свабодзе прарэктар БДТУ Андрэй Гараноўскі.
Адносна супрацоўніцы, якая захварэла, Андрэй Гараноўскі паведаміў, што яна працавала ў месцы, дзе быў мінімум кантактаў зь іншымі людзьмі:
«Дзе працуе тая гардэробшчыца — у нас гэта тупіковы, непрацоўны выхад. Абсалютна для абмежаванага кола людзей. І гэта было 24 сакавіка, калі яна апошні раз была на працы. А забралі яе ў шпіталь значна пазьней. А больш у мяне няма інфармацыі, што нехта захварэў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэтуА вось што Свабодзе паведаміла ананімная крыніца з БДТУ.
«1 красавіка ва ўнівэрсытэт пазванілі і сказалі, што ў гардэробшчыцы 2-га корпусу пацьвердзіўся каранавірус, яна тады ўжо ляжала з апаратам ШВЛ. Пасьля гэтага ніякіх захадаў зроблена не было, усе працавалі ў штатным рэжыме. Увечары таго ж дня стала блага цесьляру, які зь ёй шчыльна кантактаваў, яго забрала хуткая таксама. Унівэрсытэт працуе як раней, захадаў ніякіх (адправілі толькі дамоў прыбіральшчыц, цяпер туалеты зачыненыя, дэзынфікаваць і мыць іх няма каму, далі дзьве бутэлькі антысэптыка на катэдру). Самае жахлівае, што гардэробшчыца кантактавала з кучай студэнтаў і выкладчыкаў, выдавала ключы і адзеньне», — паведаміла ананімная крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пацьвердзілі 861 выпадак каранавірусу, памерлых за мінулы дзень нямаЯшчэ адзін супрацоўнік БДТУ, які прасіў не называць яго імя, паведаміў Свабодзе, што цясьляр, які кантактаваў з гардэробшчыцай, усё ж таксама захварэў на каранавірус і цяпер ляжыць у 6-м шпіталі. Ягоны стан цяпер лепшы, а вось гардэробшчыца Надзея Ю., па зьвестках крыніцы, у цяжкім стане, за яе жыцьцё змагаюцца лекары. Па зьвестках, на каранавірус захварэў таксама яе муж, які на пачатку сакавіка вярнуўся з адпачынку ў Эгіпце.
Прарэктар БДТУ Андрэй Гараноўскі гэтак адказаў на пытаньне Свабоды пра санітарныя захады ў ВНУ, зробленыя пасьля інфармацыі пра хваробу супрацоўніцы.
«У нас рэгулярна робяцца ўсе захады па санітарнай апрацоўцы. Абсалютна ўсё, што трэба, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі. І мыем, і дэзрастворы ўжываем».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ