Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка склікаў нараду аб сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі з удзелам 30 чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя. Сярод іншага ён расказаў, што сьмяротнасьць ад пнэўманіі ў першыя тры месяцы аказалася меншай за той жа пэрыяд мінулага году.
Ад пнэўманіі, заявіў Лукашэнка, за студзень-сакавік 2020 году памерлі 254 чалавекі, калі ад анкалягічных захворваньняў каля 5000, ад хваробаў сыстэмы кровазвароту — каля 18 500. Адносна мінулага году колькасьць летальных выпадкаў ад пнэўманіяў зьменшылася на 9%.
Мінздароўя нядаўна называла існтотна меншыя лічбы: летась за гэты пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралекаваных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а сёлета — 18 032 пралекавалі, 128 памерлі. Гэта значыць, сьмерцяў было менш на 16%.
Лукашэнка, калі казаў пра 254 памерлых, не ўдакладняў, ці гэта колькасьць летальных выпадкаў сярод пралекаваных у стацыянарах, ці агульная колькасьць з улікам тых, каго не давезьлі да лякарні.
***
Міністэрства аховы здароўя апошні раз публікавала статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі 6 красавіка. На 7 красавіка, як заявіў Лукашэнка, з каранавірусам шпіталізаваныя 794 чалавекі, зь іх 31 на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Днём раней паведамлялася, што шпіталізаваныя 634 пацыенты, яшчэ 13 інфікаваных памерлі, 53 выпісаныя здаровымі. Калі зь мінулай раніцы не пацьвердзілі новых сьмерцяў, выходзіць, што за дзень шпіталізавалі яшчэ мінімум 160 пацыентаў, а агульная колькасьць выпадкаў ня меншая за 860.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.