На сайце Change.org працягваецца збор подпісаў пад зваротам «#карантинвбеларусь». Пэтыцыю выслалі Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) 6 красавіка. Цяпер пад зваротам больш за 150 тысяч подпісаў карыстальнікаў.
У пэтыцыі WHO адрасуюць «крык душы» аб увядзеньні карантыну. Там сьцьвярджаецца, што ў Беларусі многім ставяць дыягназ «пнэўманія», каб «не псаваць статыстыкі і не наводзіць панікі». Лекарам ужо не хапае абсталяваньня і апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, заяўляюць у звароце.
Паралельна з гэтым зборам подпісаў набірае галасы і аналягічная пэтыцыя на сайце Avaaz.org — там ужо звыш 48 тысяч подпісаў. Гэтую пэтыцыю яшчэ фармальна не высылалі. WHO не абавязаная адказваць на звароты з гэтых сайтаў і ня мае паўнамоцтваў, каб абвясьціць карантын у Беларусі.
Але ў другой пэтыцыі WHO заклікалі сярод іншага зьвярнуць увагу на выказваньні прадстаўніка WHO ў Беларусі Батыра Бердыклычава ў падтрымку дзеяньняў беларускіх уладаў — ягоныя словы лічаць «абсалютна незразумелымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памажыце Беларусі выжыць». Дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя напісалі дзьве пэтыцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка параіў прэзыдэнту Літвы заняцца «сваім вірусам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незвычайны флэшмоб. Беларусы пішуць пра сябе нэкралёгі ад імя ЛукашэнкіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.