Украіна зрабіла больш жорсткімі абмежаваньні ў рамках барацьбы з СOVID-19

Кіеў

6 красавіка ва Ўкраіне пачалі дзейнічаць новыя абмежаваньні ў рамках барацьбы з каранавірусам COVID-19. Цяпер у грамадзкіх месцах нельга зьяўляцца без маскі або рэсьпіратара.

Таксама забаронена хадзіць групамі больш за дзьве асобы, за выключэньнем суправаджэньня дзяцей. Дзецям да 14 гадоў забаронена зьяўляцца ў грамадзкіх месцах, уключаючы дзіцячыя пляцоўкі. Акрамя таго, цяпер нельга наведваць паркі, сквэры і іншыя зоны адпачынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнінгі і чэленджы, казкі і канцэрты. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні

Людзі старэйшыя за 60 гадоў павінны самаізалявацца. Гэтая забарона не распаўсюджваецца на мэдыкаў і работнікаў прадпрыемстваў крытычнай інфраструктуры. Акрамя таго, пажылыя людзі могуць выйсьці ў краму за прадуктамі або выгуляць хатнюю жывёлу на адлегласьці ня больш за два кілямэтры ад месца самаізаляцыі. Забарона на працу мэтро застаецца ў сіле.

За парушэньне правілаў пагражаюць буйныя штрафы і крымінальная адказнасьць. За выкананьнем правілаў карантыну будуць сачыць Нацыянальная паліцыя і Нацыянальная гвардыя. Чакаецца, што абмежаваньні будуць дзейнічаць да 24 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад каранавірусу ў Беларусі і ў суседзяў. Адной карцінкай

Паводле апошніх зьвестак ва Ўкраіне зафіксавана больш за 1300 выпадкаў заражэньня каранавірусам новага тыпу. Памерлі 38 чалавек. Па прагнозах уладаў, піка эпідэміі можна чакаць да 14 красавіка.