Трэнінгі і чэленджы, казкі і канцэрты. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні

Ілюстрацыйнае фота. Жанчына глядзіць статыстыку захворваньня каранавірусам COVID-19 па Беларусі за 6 красавіка

Афіцыйнага карантыну ў Беларусі не ўвялі, але незалежныя і дзяржаўныя культурныя пляцоўкі пераходзяць онлайн-фармат, каб стварыць бясьпечныя ўмовы для сваіх наведнікаў.

Што прапануюць паглядзець, паслухаць і пачытаць на бліжэйшым тыдні.

«Бясьпечны LIVE» ад «Арт Сядзібы»

Для аматараў жывых канцэртаў «Арт Сядзіба» стварыла «Бясьпечны LIVE», дзе беларускія гурты выконваюць свае акустычныя праграмы. І гэта ня проста онлайн-выступы, а ўзаемадзеяньне з гледачамі.

Алесь Сьнег

«Гэта такі цікавы фармат, калі людзі, знаходзячыся дома, слухаюць сапраўдны жывы канцэрт і могуць задаваць пытаньні музыкам, а музыкі адказваюць, — расказвае дырэктар „Арт Сядзібы“ Алесь Сьнег. — Гэта добры фармат, які цяпер паўсюль выкарыстоўваюць, але мы стараемся зрабіць клясную студыю, добрае сьвятло, клясную праграму ад музыкаў, каб яна была ўнікальная, цікавая і адкрытая».

Мінулыя канцэрты і расклад найбліжэйшых выступаў можна паглядзець на адмысловым канале і ў сацыяльных сетках «Арт Сядзібы».

«Mова-чэлендж» у «Інстаграме»

Неўзабаве стартуе другі сэзон «Mова-чэленджу» ад «Арт Сядзібы» — першага інстаграм-шоу па-беларуску, героям якога давядзецца перайсьці на беларускую мову за месяц.

Першы сэзон сабраў 31 героя з розных гарадоў Беларусі і замежжа. Удзельнікі шоў два разы на тыдзень атрымліваюць заданьні па беларускай мове. Шоў будзе трансьлявацца ў фармаце сторыз у інстаграме @artsiadziba, а таксама ў інстаграмах герояў.

Удзельнікаў выбіраюць праз онлайн-кастынг. Заяўку на ўдзел можна падаць да 10 красавіка. Далучыцца ў сваіх сторыз да выкананьня заданьняў можа кожны.

#БудуДома ад той жа «Арт Сядзібы»

Таксама «Арт Сядзіба» запускае рубрыку #БудуДома. Кожны тыдзень — новыя тэмы.

З 6 па 12 красавіка ў instagram @artsiadziba пройдзе першы паэтычны тыдзень.

Кожны дзень прысьвечаны асобнаму паэту.

На сваіх старонках паэты будуць чытаць вершы і гутарыць з публікай.

Love Over Virus ад Беларускага Свабоднага тэатру

З 18 сакавіка «Свабодны тэатар» пайшоў на карантын і жыве онлайн.

Мікалай Халезін

«Першае, што мы зрабілі, разумеючы, наколькі цяжка цяпер бацькам з маленькімі дзецьмі, жык гэта запусьцілі праект «Казка на ноч», — апавядае мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Халезін. — Кожны вечар на нашым канале ў YouTube выходзіць новая казка, якую для дзяцей чытаюць нашы акторы і выкладчыкі. Выбар казак самы шырокі, гэтак жа, як і моў. Асноўныя мовы — беларуская і расейская, але раз на 10 дзён гучыць казка па-ангельску ў 20.00 паводле менскага часу. Чытаюць іх вядомыя брытанцы, акторы і пісьменьнікі: Сэм Уэст, Стывен Фрай, Джульет Стывенсан, Уіл Атэнбора. Праект казак мы пакуль разьлічылі на тры месяцы наперад, але ў любы момант можам прыняць рашэньне аб яго падаўжэньні.

Sport over Virus са Станіславай Шаблінскай

Станіслава Шаблінская

Гэта трэнінгі, якія праводзіць акторка Свабоднага тэатра Станіслава Шаблінская па серадах і пятніцах.

«Грэх было б не выкарыстоўваць яе ўменьні, бо Стася — чэмпіёнка сьвету па каратэ сярод юніёраў і даўно практыкуе групавыя заняткі як з нашымі акторамі, так і зь іншымі групамі».

24 онлайн-спэктаклі ад Свабоднага тэатра

У гонар свайго 15-годьдзя «Свабодны тэатар» запусьціў цыкль трансьляцый запісаў спэктакляў за ўсе гады свайго існаваньня. 24 спэктаклі за тры месяцы — па 2 на кожных выходных. Іх можна паглядзець на канале тэатру, а таксама ў сацыяльных сетках. Трансьляцыі спэктакляў не застаюцца ў адкрытым доступе, паглядзець іх можна толькі на працягу сутак пасьля паказу.

«Наперадзе яшчэ некалькі праектаў, якія мы цяпер распрацоўваем. Адзін зь іх — онлайн-спэктакль, які граюць у жывым эфіры, і акторы знаходзяцца не на адной сцэне, а ў розных месцах. Гэта зусім новая форма, і мы зможам паказаць гэты спэктакль неўзабаве, калі скончыцца рэпэтыцыйны пэрыяд. Яшчэ адзін праект зьвязаны з кулінарыяй, і ён таксама адрозьніваецца зусім новым падыходам да кулінарных шоў».

«Усе гэтыя праекты мы аб’ядналі адной кампаніяй — Love Over Virus! На наш погляд, толькі любоў адзін да аднаго можа правесьці нас праз гэты складаны час зь мінімальнымі стратамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем здаровыя самі — выжывуць і нашыя праекты!» Незалежныя культурныя пляцоўкі пайшлі на карантын

Юбілейны канцэрт РСП Гурт

«Разьбітае сэрца пацана» 10 красавіка адзначыць свой 15-ы дзень народзінаў. У гонар падзеі павінен быў адбыцца канцэрт у клюбе «Бруге», але яго перанесьлі на 26 верасьня. А сьвяткаваць усё адно будуць, толькі ўжо ў онлайн-рэжыме. Трансьляцыю правядзе VOKA TV.

Онлайн-фэстываль дакумэнтальнага кіно ад BelarusDocs

7 красавіка стартуе трэці онлайн-фэстываль беларускага дакумэнтальнага кіно BelarusDocs. За фэстывальны тыдзень можна будзе ўбачыць сем фільмаў сямі беларускіх аўтараў. Кожны фільм будзе даступны для онлайн-прагляду на працягу сутак (ад 00.00 да 23.59 паводле менскага часу) на сайце. Усе фільмы будуць з ангельскімі субтытрамі.

  • 7 красавіка — «Трэнэр» (рэж. Вольга Абрамчык)
  • 8 красавіка — «Дэбют» (рэж. Настасься Мірашнічэнка)
  • 9 красавіка — «Лебедзі» (рэж. Галіна Адамовіч)
  • 10 красавіка — «Перазімаваць» (рэж. Ева-Кацярына Махава)
  • 11 красавіка — «Цар гары» (рэж. Андрэй Куціла)
  • 12 красавіка — «Фальклёр і жыцьцё» (рэж. Юры Цімафееў)
  • 13 красавіка — «Полацкі вальс» (рэж. Вольга Дашук)

Сёлета онлайн-фэстываль ўпершыню абвяшчае нефармальную ўзнагароду найлепшаму фільму — прыз глядацкіх сымпатый. Чальцом журы можа стаць кожны: дастаткова запоўніць анкету, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх.

Магілёўскі тэатар пакажа Стрындбэрга і Талстога

Магілёўскі драматычны тэатар

Як вядома, дзяржаўныя пляцоўкі не ідуць на карантын, але спрабуюць адаптавацца пад новыя ўмовы і пераходзяць у онлайн.

Цікавая сытуацыя ў Магілёўскім драматычным тэатры, які перавялі на «рэпэтыцыйны рэжым працы».

«У нас сытуацыя такая: у нас адмянілі спэктаклі з 1 па 21 красавіка, ну а там будуць тэрміны разглядаць у залежнасьці ад эпідэміялягічнай сытуацыі. Карантыну ў нас няма, як ва ўсёй краіне. Прапанавана ўсім ахвотным пайсьці ў адпачынак з захаваньнем часткі заробку — гэта дзьве траціны акладу. Хто хоча, той сыходзіць», — тлумачыць загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі тэатру Вольга Семчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяз слова «карантын». Мінкультуры не падтрымала патрабаваньне актораў закрыць тэатры падчас пандэміі

Працуе ня ўвесь штат тэатру, а толькі некаторыя службы, падразьдзяленьні, адміністратары, вытворчыя цэхі, якія вырабляюць дэкарацыі, рэквізыт. Таксама працягваюцца рэпэтыцыі ў актораў.

«Мы рыхтуем некалькі прэм’ер, паралельна ідуць рэпэтыцыі некалькіх спэктакляў. Калі ўсё складзецца добра, мы думаем іх паказаць ужо ў траўні, ну і там яшчэ пазьнейшыя прэм’еры ў нас заплянаваныя. Але мы будзем бачыць, зразумела, па сытуацыі. Калі сытуацыя ўскладніцца, то, можа, нешта давядзецца пераносіць. А так мы працягваем як бы ў напаўзамарожаным стане існаваць, не да канца мы закрыліся».

Нягледзячы на карантынныя захады, спэктаклі драмтэатру прапануюць паглядзець онлайн ужо на наступных выходных. Трансьляцыі будуць ісьці на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў», а таксама на сайце і групах тэлеканалу ў сацыяльных сетках, прыкладна а 19 гадзіне.

  • 11 красавіка — «Крэйцарава саната» паводле Льва Талстога. 12 красавіка — «Фрэкен Жюлі» паводле Аўгуста Стрындбэрга.

Як адзначаюць у тэатры, самай вялікай стратай ад пандэміі стаў адменены форум «М@рт.Контакт»; Магілёўскі драмтэатар паказаў толькі адзін спэктакль з усёй вялікай праграмы.

Онлайн-праект «Купалаўскі дома»

Купалаўскі тэатар

Купалаўскі тэатар запусьціў новы праект «Купалаўскі дома», падчас якога пакажуць спэктаклі з архіва тэатру, творчыя вечары артыстаў, сустрэчы, сьвяточныя імпрэзы і іншыя відэазапісы. Усё можна паглядзець на сайце, а таксама ў сацыяльных сетках тэатру з 18.00 у дзень паказу да 18.00 наступнага дня.

У найбліжэйшыя дні можна ўбачыць: 7 красавіка — творчы вечар заслужанай артысткі Тамары Міронавай; 8 красавіка — спэктакль «Офіс» паводле Інгрыд Лаўзунд (рэж. Кацярына Аверкава); 10 красавіка — спэктакль «Хам» паводле Элізы Ажэшкі (рэж. Аляксандар Гарцуеў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўскі дома». Нацыянальны тэатар будзе паказваць свае спэктаклі онлайн

«Беларусьфільм» штодзень паказвае беларускае кіно

«Беларусьфільм» з 1 красавіка запусьціў акцыю — на працягу трох тыдняў кожны дзень у сацыяльных сетках («ВКонтакте», «Фэйсбук», «Аднаклясьнікі», «Тэлеграм») і на афіцыйным ютуб-канале публікуюць фільмы вытворчасьці кінастудыі. Да кожнага фільма адкрыта абмеркаваньне, дзе можна пакінуць камэнтар і падзяліцца ўражаньнямі.

Як падтрымаць тых, хто робіць цікавай вашую добраахвотную самаізаляцыю

Падтрымаць незалежныя пляцоўкі ў такі складны час можна на краўндфандынгавай пляцоўцы MolaMola пад хэштэгам #АртПроездной у межах глябальнай кампаніі #culturecommute, дзе прапануюць ахвяраваць суму, якая звычайна траціцца на праезд у грамадзкім транспарце.