Сотні студэнтаў мэдунівэрсытэту зачынілі ў інтэрнаце — там пацьвердзілі выпадак каранавірусу

Ілюстрацыйнае фота

Студэнты застануцца на карантыне ў інтэрнаце прынамсі на 14 дзён. Ежу ім перадаюць сваякі. Заняткі будуць праходзіць праз skype і zoom.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта Свабодзе паведамілі студэнты, якія цяпер знаходзяцца ў інтэрнаце № 10 у студэнцкай вёсцы каля станцыі мэтро «Пятроўшчына». Гэтую інфармацыю таксама пацьвярджаюць выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэта.

«Раніцай у суботу (4 красавіка — РС) нам паведамілі, што наш факультэт пераходзіць на дыстанцыйнае навучаньне», — сказаў па тэлефоне Свабодзе студэнт Ігар (імя зьменена — РС), заблякаваны ў інтэрнаце.

Па словах студэнта, ужо раніцай каля інтэрната зьявілася машына хуткай дапамогі.

«Людзі ў поўным абмундзіраваньні грузілі чалавека ў капсуле. У нас пацьверджаны выпадак каранавірусу», — сказаў Ігар.

Усіх суседзяў па блёку забралі як кантактаў першага ўзроўню. Іншым студэнтам проста забаранілі выходзіць з інтэрнату. Таксама як пэрсаналу і адміністрацыі.

Выйсьці з інтэрнату цяпер немагчыма, нават у краму. Ежу студэнтам могуць перадаць сваякі і знаёмыя.

«Пакеты зь ежай і запіскамі пакідаюць у тамбуры на першым паверсе, паміж дзьвюма шэрагамі дзьвярэй», — сказаў Свабодзе Андрэй, яшчэ адзін студэнт з 10-га інтэрнату.

Паводле яго, з панядзелка 6 красавіка можна будзе замовіць гарачыя стравы, якія прыгатуюць у сталовай і перададуць у ланчбоксе. Салат, другое і гарнір будзе каштаваць 4 рублі. Аплаціць можна будзе пасьля сканчэньня карантыну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бацька памёр, мы з маці пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне». Чарговая ахвяра каранавірусу ў Менску

Па гучнай сувязі пытаюцца, каму патрэбная мэдычная дапамога

Яшчэ раней у 10-м інтэрнаце былі блёкі, дзе студэнты знаходзіліся ў самаізаляцыі. Туды зьмяшчалі кантактаў 2-га ўзроўню, а таксама студэнтаў, які мелі вострыя рэсьпіраторныя захворваньні.

«Гэта рабілася хутчэй для заспакаеньня іхных суседзяў па блёку», — кажа Андрэй.

На вахце быў лекар, які правяраў ізаляваных студэнтаў.

«Цяпер па гучнай сувязі абвясьцілі: званіце на вахту ці загадчыцы, калі вам блага, прыйдзе лекар і вас праверыць», — кажа Андрэй.

Колькі дакладна студэнтаў знаходзяцца цяпер у інтэрнаце — невядома. Ён разьлічаны амаль на тысячу чалавек, але частка студэнтаў выехалі на выходныя.

На вуліцу ня выйсьці, лаўка з прадуктамі прыедзе ў сераду

Таксама праз выяўлены выпадак каранавірусу зачынены інтэрнат БДМУ № 4. Гэта 5-павярховы будынак на вуліцы Лермантава. Ён закрыты яшчэ ад вечара пятніцы. Як паведамілі студэнты з гэтага інтэрнату, да нядзелі на вуліцу выпускалі некалькі чалавек з кожнага паверху, якія выносілі сьмецьце і набывалі прадукты ў краме. Але ад сёньня і ім забаранілі выходзіць.

«Сказалі, у сераду прыедзе лаўка з прадуктамі з універсітэту. У нас няма сталовай, як у 10-м інтэрнаце», — сказала Свабодзе адна са студэнтак інтэрнату.

Як і ў іншым зачыненым інтэрнаце, студэнтам перадаюць ежу сваякі і знаёмыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як яны прымуць рашэньне ў гэтым каранапсыхозе, так і будзе» — школьныя вакацыі падоўжылі на 6 дзён

Як будуць праходзіць заняткі

Ад 6 красавіка ўсе заняткі будуць праходзіць дыстанцыйна. Лекцыі ў мэдычным унівэрсытэце адмянілі раней. Частка выкладчыкаў ужо перайшла на дыстанцыйнае навучаньне. Але на мінулым тыдні навучальныя карпусы мэдычнага ўнівэрсытэта былі адкрытыя і там праходзілі некаторыя заняткі.

«У панядзелак будуць заняткі праз skype і zoom. Некаторыя выкладчыкі просяць сфатаграфаваць аркуш з выкананым заданьнем і даслаць фота ў viber», — распавёў адзін са студэнтаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ