Віцебскі абласны клінічны шпіталь мае патрэбу ў пакетах для целаў нябожчыкаў. Заяўка зьявілася на сайце дзяржаўных закупак 4 красавіка.
Як вынікае з заяўкі, шпіталю патрэбныя 50 гермэтычных плястыкавых пакетаў для ўпакоўкі трупаў. На гэта зь бюджэту гатовыя выдаткаваць 1400 рублёў. Паставіць пакеты патрэбна на наступным тыдні з 6 да 10 красавіка. Прыняць удзел у тэндэры можна было цягам некалькіх гадзінаў — да 16:00 4 красавіка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале, у Беларусі па стане на 4 красавіка зафіксавана 440 выпадкаў каранавірусу, на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзіцца 394 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянтэры купілі 20 тысяч рэсьпіратараў для беларускіх шпіталяўСвабодзе вядома пра трох памерлых пацыентаў зь Віцебску, у якіх пацьвердзілі каранавірус.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ