6 красавіка ў беларускіх школах заканчваюцца вакацыі. Заняткі зьбіраюцца аднавіць нават там, дзе выявілі каранавірус у настаўнікаў і вучняў.
Мінздароўя Беларусі не дае асобнай статыстыкі пра выяўленыя выпадкі заражэньня каранавірусам сярод дзяцей і настаўнікаў школ. У сярэдзіне сакавіка зьяўлялася інфармацыя аб магчымым пераносе вакацый на больш раньні тэрмін, аднак у апошні момант чыноўнікі яе зьняпраўдзілі. Вакацыі ў школах пачаліся паводле ранейшага пляну — з 30 сакавіка да 4 красавіка. Ужо 6-га ўсе беларускія школы павінны аднавіць заняткі.
Удзень 3 красавіка стала вядома, што магчымасьць працягнуць школьныя вакацыі ўлады ўсё ж разглядаюць. Пра гэта расказаў сам Лукашэнка.
«Хочуць, каб мы працягнулі канікулы, заўтра мне даложыць міністар адукацыі, — сказаў кіраўнік краіны. — Заўтра-пасьлязаўтра мною будзе прынята рашэньне. Хутчэй за ўсё, мы працягнем на тыдзень».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ня выключыў, што вакацыі для школьнікаў падоўжаць«Гэта не да нас пытаньне, ня мы прымаем такія рашэньні, — адказалі на пытаньне Свабоды аб магчымым увядзеньні карантыну ў беларускіх школах і навучальных установах у Мінадукацыі. — Таксама мы ня ведаем колькасьці настаўнікаў, выкладчыкаў вучняў і студэнтаў, заражаных каранавірусам. Інфармацыю атрымліваем адтуль жа, адкуль і вы».
У ведамстве дадаюць, што рашэньне аб працягу вакацыі і ўвядзеньні карантыну могуць прыняць у Міністэрстве аховы здароўя. Аднак пакуль такой інфармацыі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?!» У Капыльскім раёне школьнікаў масава правяраюць на каранавірус. ФОТАПры гэтым з неафіцыйных крыніц вядома пра як мінімум два выпадкі каранавірусу ў супрацоўнікаў і вучняў школ. У Доктаравічах Капыльскага раёну дайшло да праверкі на каранавірус вучняў некалькіх клясаў. Цяпер каля двух дзясяткаў дзяцей знаходзяцца на карантыне ў капыльскім шпіталі. Як даведалася Свабода, у некалькіх зь іх аналіз на каранавірус даў станоўчы вынік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяцей і трактарыстаў адправілі на карантын. У некаторых — каранавірус». Як пандэмія дабралася да беларускай вёскі2 красавіка стала вядома, што з падазрэньнем на каранавірус шпіталізавалі некалькі вучняў і настаўніцу школы зь вёскі Камунар Буда-Кашалёўскага раёну. Бацькам пры гэтым, як і ў Доктаравічах, нічога не тлумачылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў — усіх!» У вёсцы пад Гомлем у хлопчыка западозрылі каранавірусУ аддзелах адукацыі Буда-Кашалёўскага і Капыльскага райвыканкамаў Свабодзе не змаглі адказаць на пытаньне, ці будзе ўведзены карантын у школах, дзе выявілі выпадкі каранавірусу. Тым часам, як паведамляюць жыхары Новых Доктаравічаў, у вёсцы з 2 красавіка фактычна ўведзены карантын.
«Учора супрацоўніца ФАПу абышла ўсе дамы, сказала сядзець па хатах, не выходзіць на вуліцу, — расказала жыхарка Доктаравічаў Свабодзе. — Толькі тыя, каму на працу трэба, выходзяць цяпер. Мы сядзім дома. Дзеці, каторыя ў капыльскай бальніцы, адчуваюць сябе добра. У мужчын, якіх таксама забралі, першыя вынікі тэстаў адмоўныя. Здаецца, толькі 3-4 станоўчыя выпадкі. Пра школу нам нічога не сказалі яшчэ, 6-га павінны пачацца ўрокі. Але я думаю, шмат хто з бацькоў не адпусьціць дзяцей. Будуць пісаць заявы дырэктару. Людзі баяцца адпускаць дзяцей».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ