62% апытаных беларусаў лічаць, што сытуацыя з каранавірусам пагоршыцца

Ілюстрацыйнае фота

Дасьледчая кампанія SATIO 26–27 сакавіка правяла апытаньне 1002 беларусаў пра сытуацыю з пандэміяй каранавірусу. Вынікі дасьледаваньня публікуе Thinktanks.by.

«Дасьледаваньне незалежнае і ня мае замоўніка, — пішуць дасьледчыкі. — Мы зрабілі яго для вас і для нас. Каманда SATIO перажывае пандэмію разам з вамі. Заставайцеся дома!»

Як зьменіцца сытуацыя з каранавірусам цягам месяца:

  • 62% апытаных лічаць, што пагоршыцца;
  • 11%, што ня зьменіцца;
  • 17%, што палепшыцца;
  • жанчыны больш пэсымістычныя за мужчын: адказ пра пагаршэньне выбралі 64% супраць 59%;
  • чым лепшая адукацыя, тым больш пэсымізму: толькі 47% людзей зь сярэдняй адукацыяй лічаць, што сытуацыя пагоршыцца, супраць 68% з вышэйшай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнае

Ці недаацэньваюць пагрозу:

  • 47% апытаных лічыць, што рэакцыя на пагрозы каранавірусу адпавядае ўзроўню гэтай пагрозы;
  • 31%, што большасьць недаацэньвае пагрозу;
  • 13%, што большасьць пераацэньвае яе;
  • чым старэйшыя рэспандэнты, тым менш яны схільныя адказваць, што пагрозу пераацэньваюць: так адказалі 18% ва ўзросьце 18–24 гадоў, але толькі 7% ва ўзросьце 55–64 гадоў;
  • найбольш тых, хто лічыць пагрозу недаацэненай, ва ўзросьце 45–54 гадоў (36%).

Найбольш імаверныя наступствы пагаршэньня сытуацыі:

  • 59% рэспандэнтаў мяркуе, што сыстэма аховы здароўя ня зможа дапамагчы ўсім у Беларусі;
  • 48%, што вырасьце колькасьць вымушаных водпускаў за свае грошы;
  • 44%, што ўпадзе курс рубля;
  • 40%, што зьнізяцца заробкі;
  • 29%, што павялічыцца недахоп лекаў і сродкаў мэдыцынскай абароны;
  • 21%, што вырасьце беспрацоўе;
  • 14%, што зьявіцца дэфіцыт прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці;
  • толькі 3%, што вырасьце злачыннасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каранапсыхоз, інфадэмія», «хочуць без вайны перадзяліць сьвет», — Лукашэнка пра каранавірус

Што рабіць проста цяпер:

  • 70% апытаных лічаць, што ўжо сёньня трэба забараніць усе грамадзкія імпрэзы;
  • 56%, што закрыць на карантын усе навучальныя ўстановы;
  • 53%, што прымусіць працадаўцаў перавесьці на дыстанцыйную працу ўсіх, каго магчыма;
  • 39%, што ўвесьці буйныя штрафы за рызыкоўныя паводзіны, якія могуць спрыяць распаўсюду каранавірусу;
  • 30%, што закрыць усе аб’екты гандлю, акрамя «жыцьцёва важных»;
  • 29%, што арганізаваць асобныя гадзіны наведваньня крамаў і аптэк для людзей з групаў рызыкі;
  • 19%, што ўвесьці ўсеагульны камэнданцкі час;
  • 8%, што нічога з гэтага ня трэба рабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памажыце Беларусі выжыць». Дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя напісалі дзьве пэтыцыі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ