У розных фарматах Міністэрства замежных справаў дапамагло ў вяртаньні на радзіму на сёньня ўжо каля 5840 грамадзянам Беларусі, паведамляецца на Facebook міністэрства.
«Як у арганізаваным, так і ў індывідуальным парадку» беларусы вярталіся з Польшчы, Бэльгіі, Віетнама, Нямеччыны, Індыі, Інданэзіі, Літвы, з Сэйшэльскіх астравоў, Танзаніі, Тунісу, Турэччыны, Фінляндыі, Японіі.
114 вярнуліся чартэрным рэйсам з Аб’яднаных арабскіх эміратаў. Таксама ў ведамстве адзначылі, што ў чацьвер раніцай супольна з расейскім бокам удалося вярнуць 7 беларусаў з Шры Лянкі. Але ў гэтай краіне ўсё яшчэ застаецца значная колькасьць грамадзян Беларусі.
«Ва ўзаемадзеяньні з расейскім бокам амбасада Беларусі ў Расеі працягвае дастаўляць аўтатранспартам беларусаў, якія прыбываюць у аэрапорты Масквы, на чыгуначны вакзал для далейшага транзытнага руху дадому цягніком», — запэўнілі ў МЗС.
У міністэрстве прызнаюць, што найбольш вострымі па-ранейшаму застаюцца праблемы з далёкімі краінамі, у прыватнасьці сытуацыя ў Індыі, Віетнаме, Шры Лянцы, Тайляндзе, Інданэзіі.
«Белавія» працягвае выконваць рэгулярныя рэйсы ў Армэнію (Ерэван), Вялікую Брытанію (Лёндан), Вэнгрыю (Будапэшт), Нямеччыну (Бэрлін, Мюнхэн, Франкфурт-на-Майне, Гановэр), Ізраіль (Тэль-Авіў), Гішпанію (Барсэлёна), Літву (неабходна ўлічваць анансаваныя літоўскім бокам новыя абмежаваньні), Нідэрлянды (Амстэрдам), Турэччыну (Стамбул), Фінляндыю (Хэльсынкі), Францыю (Парыж), Чэхію (Прага), Швайцарыю (Жэнэва), Швэцыю (Стакгольм), Эстонію (Талін).
«Гэтыя маршруты актыўна выкарыстоўваюцца і замежнымі грамадзянамі для вяртаньня празь Менск у краіны грамадзянства», —паведамілі ў МЗС Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каранапсыхоз, інфадэмія», «хочуць без вайны перадзяліць сьвет», — Лукашэнка пра каранавірусШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.