NATO папярэдзілі пра пагрозу «дэзынфармацыі» і «прапаганды» на фоне пандэміі

Хайка Маас

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны заявіў, што хтосьці карыстаецца сытуацыяй у мэтах прапаганды, але не назваў канкрэтныя краіны, паведамляе Голас Амэрыкі.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Хайка Маас у чацьвер папярэдзіў чальцоў NATO пра пагрозу выкарыстаньня пандэміі каранавірусу для распаўсюду «дэзынфармацыі», «прапаганды» і «фэйкавых навінаў».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Выступаючы напярэдадні тэлеканферэнцыі з калегамі з краінаў альянсу, Маас адзначыў, што «некаторыя карыстаюцца гэтай сытуацыяй у мэтах прапаганды», спрабуючы выставіць сябе ў лепшым сьвятле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматы ЭЗ: Расея распаўсюджвае фэйкі пра каранавірус на некалькіх мовах краінаў ЭЗ

Міністар заклікаў Эўразьвяз і NATO прыняць контрмеры, каб гарантаваць, што апублікаваная інфармацыя заснавана на фактах і не зьяўляецца «фэйкавымі навінамі».

Маас не назваў канкрэтных краінаў, аднак, як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на атрыманы ў мінулым месяцы дакумэнт, у ЭЗ сьцьвярджаюць, што расейскія СМІ разгарнулі маштабную дэзынфармацыйных кампанію супраць Захаду з мэтай пасеяць паніку і выклікаць недавер да ўладаў.

Па дадзеных агенцтва Reuters, Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае.