Як паведамілі Свабодзе некалькі чалавек з Горадзенскай вобласьці, з аддзелаў адукацыі прыйшоў вусны загад пайсьці ў плянавы водпуск усім супрацоўнікам, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі.
«Пад пагрозай звальненьня», — расказала Свабодзе адна выхавальніца.
Пасьля тэрміновай нарады 31 сакавіка ў аддзеле адукацыі прыйшоў загад адправіць у адпачынак усіх пэнсіянэраў. А таксама абавязалі пайсьці ў карантын супрацоўнікаў школ і дзіцячых садкоў, чые сваякі працуюць кіроўцамі і езьдзяць за мяжу. Пісьмовага загаду, аднак, няма. Гэта вуснае распараджэньне.
«Муж, такім чынам, мусіць працаваць, не заяжджаючы дадому, альбо яму трэба звольніцца, каб не выяжджаць за мяжу», — сказала выхавальніца.
Яшчэ адзін захад — не пускаць на тэрыторыю садкоў бацькоў, якія працуюць дальнабойнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Карантын запавольвае распаўсюд каранавірусу», — прадстаўніца WHO, якая хваліла Беларусь на дзяржаўным ТВПры гэтым Міністэрства адукацыі афіцыйна не абвяшчала карантыну. На антысэптыкі і маскі грошы не выдзяляюцца. Іх выхавальнікі купляюць за небюджэтныя грошы — тыя, што яны зарабілі за кошт платных паслуг.
«Толькі антысэптыку на адзін садок трэба ад 30 да 100 літраў на месяц, — кажа выхавальніца. — А гэта 600-2000 рублёў. Ніхто нам гэтых грошай не дае».
Мінадукацыі: такога не было
У Міністэрстве адукацыі Свабодзе паведамілі, што такіх рэкамэндацый з боку міністэрства не было. У галоўным упраўленьні адукацыі Горадзенскага аблвыканкаму таксама сказалі, што рэкамэндацый накіроўваць на карантын настаўнікаў і іншых супрацоўнікаў школ, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі, не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі сумленных дактароў могуць зламаць мэханізм фальсыфікацыяў?Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.