У сярэднім кожны чацьвёрты перастаў наведваць спартовыя заняткі ў беларускіх фітнэс-цэнтрах. Найперш гэта дзеці і пэнсіянэры. Астатнія займаюцца бяз масак і з доступам да антысэптыкаў. Некаторыя студыі пераходзяць у онлайн. Чаму спартовыя цэнтры не закрываюцца падчас пандэміі і што яны робяць дзеля бясьпекі кліентаў — у артыкуле Свабоды.
«Студэнты не баяцца, працягваюць займацца».
Фінтэс-клюб «Кенгуру» знаходзіцца ў цэнтры Гомлю. На стале адміністратара «прыкмета часу» — антысэптык. Адміністратарка кажа, што кліентаў стала менш, але асноўныя наведнікі — студэнты.
«Яны ня ў групе рызыкі, таму не баяцца каранавірусу і працягваюць займацца», — зазначыла адміністратарка.
У фітнэс-клюбе «Плаза» вечарам віруе жыцьцё. Тут прапаноўваюць шырокі спэктар паслуг для прыгожага і моцнага цела. Адміністратарка заўважае, што клюб сталі менш наведваць людзі ўзроставай групы 50+. Астатнія ж займаюцца.
«Для тых, хто асьцерагаецца, праводжу стрымы»
Настасься праводзіць у Гомлі заняткі танцамі на шасьце (pole dance) і расьцяжкай.
«Хто гатовы прыходзіць і сёньня ў студыю на заняткі, той ходзіць. У асноўным гэта дарослыя людзі, у сярэднім 35-40. Яны ходзяць на працу, таму палічылі, што і заняткі таксама могуць наведваць. Кліенты, у якіх малыя дзеці, папрасілі праводзіць для іх заняткі онлайн. Цяпер я займаюся з кліентамі ў студыі і раблю стрымы з трэніровак. Гэта бясплатна», — расказала Настасься.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус выявілі ў дзьвюх вучаніц менскай танцавальнай школы, адна зь іх працуе ў лякарні, — Tut.byУ фітнэс-цэнтры «ХэлсіВумэн» не заўважылі значнага падзеньня наведваньня. «У нас і так было няшмат кліентаў. На некаторыя заняткі, напрыклад кардыётрэніроўкі, наадварот, сталі больш хадзіць. Мы разьмясьцілі ў залі антысэптыкі, апрацоўваем падлогу і інвэнтар з дапамогай дэзынфэкцыйных сродкаў», — зазначылі ў цэнтры.
«Дарослых наведнікаў менш на 50%, дзяцей — на 90%»
Фітнэс-студыя DMFitness мае дзьве залі для заняткаў — у Менску і Гомлі. Кіраўніцтва кажа, што наведвальнасьць значна ўпала цяпер. Дарослых ходзіць менш на 50%, дзяцей наогул 90% ня ходзіць на заняткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці заб’е карантын беларускую эканоміку? Разьбіраемся з экспэртамі«Такога не было ніколі за тыя амаль 6 гадоў, пакуль мы працуем, — расказалі ў фітнэс-студыі. — Нават у пэрыяд летніх вакацый. У нас былі дзіцячыя групы, у іх займалася каля 50 дзяцей. Мы іншым кліентам адмаўлялі — бо ўжо не было месцаў у дзіцячых групах. Цяпер дзіцячыя заняткі — адна гадзіну на тыдзень.
Зь верасьня мы не набіралі групаў для пэнсіянэраў, бо не было месцаў. Пэнсіянэры актыўна займаліся, былі групы па 15 чалавек, з 10 да 13 гадзін. Цяпер наогул сумна. Адпраўляем людзей у адпачынкі за свой кошт. Можа, два месяцы мы яшчэ і пратрымаемся, калі ня зьменіцца сытуацыя. Але арэнду трэба плаціць, падаткі».
Яны зьмясьцілі на сваім сайце відэазапісы трэніровак — бясплатна.
«Я сама ў шоку, што ходзяць, не баяцца»
У шэрагу горадзенскіх спартовых цэнтраў стандартны набор захадаў: антысэптыкі для рук, сродкі дэзынфэкцыі для падлогі і абсталяваньня, вільготныя антымікробныя сурвэткі для ўсіх наведнікаў. Вільготную прыборку ў памяшканьнях сталі рабіць часьцей. Некаторыя рэгулярна праветрываюць залю.
У горадзенскім фітнэс-цэнтры Yevropa колькасьць наведнікаў зьменшылася на 20-30%. Яны пачалі сыходзіць, як толькі ўвялі карантын у Польшчы і іншых суседніх краінах.
«Некаторыя просяць замарозіць абанэмэнт, кажуць, што праз пандэмію, нехта шукае іншых нагодаў адмовіцца: ня хочуць прызнавацца, што іх пужае каранавірус», — кажа супрацоўніца фітнэс-цэнтру.
У іхным цэнтры тыя ж захады бясьпекі, што і ў многіх іншых. Але адміністратарка прызнаецца, што перажывае за сваё здароўе. Зь людзьмі размаўляе на адлегласьці выцягнутай рукі, калі бярэ абанэмэнт, нават крыху адхіляецца ўбок.
«Папраўдзе мне тут сядзець страшна. Я падумваю купіць маску, хоць кажуць, што гэта ня надта дапамагае. Сяджу са сваім дэзынфэкцыйным гелем, хаджу рукі мыць вельмі часта, бо плынь людзей ідзе», — кажа дзяўчына.
Яна расказала, што для нешматлікіх кліентаў трэнэры запісваюць відэазаняткі, кансультацыі. Астатнія наведваюць залю, як і раней.
«Я сама ў шоку, што ходзяць, не баяцца», — прызнаецца супрацоўніца цэнтру.
Паводле яе, пра часовае закрыцьцё цэнтру гаворкі ня йдзе — трэба плаціць за арэнду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма крытычнай сытуацыі». Футбольная фэдэрацыя не зьбіраецца спыняць чэмпіянат БеларусіУ іншым горадзенскім фітнэс-клюбе, «Сафонаў», людзі пачалі прапускаць заняткі на мінулым тыдні. Захады бясьпекі стандартныя. Пра онлайн-заняткі ўжо думалі, але яшчэ не ажыцьцявілі гэтага.
«Я думаю, цяпер няма неабходнасьці ісьці ў адпачынак. Калі ў іншых краінах сытуацыя больш жорсткая, то ў нас больш-менш спакойна», лічыць адміністратарка клюбу Дзіяна Хайкевіч.
«Па ўсіх парамэтрах мы гатовыя да барацьбы з каранавірусам»
«Па ўсіх парамэтрах мы гатовыя да барацьбы з каранавірусам. У нас жа ёга, а яна дазваляе людзям падымаць імунітэт. Каранавірус б’е па старых людзях і тых, у каго слабы імунітэт», — кажа вядучы выкладчык студыі ёгі ў Горадні Adiyogi Станіслаў Белавідаў.
Па ягоных словах, у групы перасталі хадзіць каля 30% кліентаў.
«Пераседжваюць, — мяркуе выкладчык. — Так супала, што і каранавірус, і час рэсьпіраторных хвароб. Людзі пішуць, што проста захварэлі. У мяне людзі адказныя. Яны разумеюць, што чым больш мы будзем займацца ёгай, тым больш гэта паспрыяе барацьбе з гэтай заразай».
У масках ніхто не займаецца.
«Маскі патрэбны толькі тым, хто захварэў, і хто сядзіць у карантыне, — перакананы Белавідаў. — Маскі мала чым дапамагаюць, гэта яшчэ большы рассаднік хваробаў. Яна працуе хвілін 20, астатні час бактэрыі яшчэ больш размнажаюцца. Я гэтага не практыкую і ня раю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ патлумачыла, у якіх выпадках належыць насіць маску і як ёю карыстаццаСтаніслаў некалькі гадоў вёў ёгу праз інтэрнэт. Цяпер зноў думае вярнуцца ў онлайн-фармат, ужо разьмяшчае рэкляму аб віртуальных занятках.
«Мы спадзяёмся, што паніка прыціхне»
Яшчэ ў адной горадзенскай студыі ёгі «Раўнавага» таксама паменшыўся паток кліентаў. Часова адмянілі групу для людзей 55+ на ініцыятыву наведнікаў.
Аднак супрацоўнікі студыі заразіцца не баяцца.
«Мы зыходзім з таго, што заняткі спортам, ёгай — гэта ўмацаваньне імунітэту, ад іх будзе карысьць для здароўя. Але гэта на разгляд асабіста кожнага чалавека, як ён ставіцца да сытуацыі. Захады бясьпекі да таго, да чаго мы дакранаемся, мы робім», — кажа інструктарка Іна Маліеўская.
Яна сьмяецца ў адказ на пытаньне, ці нехта прыходзіць у масках.
«Мы ня лічым, што гэта нам сёньня неабходна. Мая думка, што цяпер у нас не такое эпідэміялягічнае становішча, каб гэтага асьцерагацца», — мяркуе жанчына.
Калі будуць пажаданьні ад удзельнікаў, зробяць онлайн-заняткі праз плятформу Zoom.
«Мы спадзяёмся, што паніка прыціхне. Гэта было б больш аптымальным выйсьцем на сёньня. У мяне мэдыцынская адукацыя. Я маю ўяўленьне і прытрымліваюся таго, што паніка перабольшаная», — мяркуе інструктарка ёгі.
«Залі поўныя»
У менскіх фітнэс-цэнтрах кажуць, што людзі ходзяць больш ахвотна, менш прапускаюць. Захады бясьпекі ўсё тыя ж.
«У нас ніякіх зьменаў няма. Людзі як хадзілі, так і ходзяць. Часьцей прыбіраем. Антысэптыкі паўсюль стаяць. У масках нікога няма. У онлайн-фармат пераходзіць не плянуем», — кажа супрацоўніца менскай студыі Forma Валерыя.
У менскім цэнтры Lifestyle Fitness & GYM да стандартнага набору захадаў бясьпекі ўвялі больш заняткаў на вуліцы ў розных відах фітнэсу. Як і раней, можна атрымаць інтэрнэт-кансультацыю.
«Глябальных зьменаў не адбылося. Крыху менш людзей стала хадзіць, але ў многіх ёсьць свае асабістыя прычыны. Залі поўныя», — кажа супрацоўніца фітнэс-цэнтру Lifestyle Fitness & GYM.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.