«Трэба працаваць» — такі агульны пасыл двух выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, які катэгарычна супраць увядзеньня карантыну. Але ці так страшны карантын для беларускай эканомікі? Разьбіраемся з экспэртамі.
«Мне вельмі спадабалася, калі ён [прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. — РС] так адкрыта сказаў, што калі мы не пачнём неадкладна працаваць, — да амэрыканцаў зьвярнуўся, дзе друкуюць гэты даляр, першая эканоміка ў сьвеце, — то людзей памрэ больш ад беспрацоўя і голаду, чым ад каранавірусу», — заявіў 31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка.
У гэты ж дзень стала вядома пра першую сьмерць ад каранавірусу ў Віцебску — памёр актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч.
У падобным тоне Лукашэнка выказваўся і раней.
«Трэба працаваць як у Беларусі, тады ня будзе як у Італіі», — казаў Лукашэнка 20 сакавіка. За гэтыя 11 дзён афіцыйная колькасьць хворых на каранавірус у Беларусі павялічылася ўдвая. На карантын пайшлі ўсе краіны вакол Беларусі.
«Наступствы карантыну для Беларусі могуць быць вельмі сур’ёзныя»
На думку эканаміста Дзьмітрыя Крука, наступствы таго, што адбываецца ў сьвеце, і так будуць сур’ёзнымі для Беларусі.
«Большасьць краін робіць выбар: прыярытэт на мэдыцынскія меркаваньні ці эканамічныя. Для Беларусі гэта і праблема расстаноўкі прыярытэтаў, і праблемы эканомікі. Нямеччына можа вытрымаць такі карантын, хоць гэта і балюча, але не настолькі, як для бедных краін. Звальненьні ў нас ужо адбываюцца пад узьдзеяньнем усясьветных праблем. Калі прыняць унутраныя абмежавальныя захады, уплыў будзе толькі пагаршацца», — мяркуе Дзьмітры Крук.
Да эканамічных праблем дадаюцца палітычныя: гэты год для Беларусі — год прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбываюцца на фоне ўсясьветнага крызісу і дэфіцытнага бюджэту Беларусі. А расходы беларускага бюджэту перавышаюць даходы і без эпідэміі.
«Ніхто не патрабуе зачыняць усе прадпрыемствы»
Адразу эканоміка ня рухне, мяркуе старшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб. І нагадвае, што «пры карантыне закрываюцца ня ўсе прадпрыемствы».
«Пры любым карантыне дзейнічаюць прадпрыемствы крытычнай інфраструктуры, дзейнічаюць прадпрыемствы гандлю. Што тычыцца арганізацый, якія ў карантын зачыняюцца, то іх лёс залежыць ад іх запасу трываласьці. Ёсьць прадпрыемствы, якія маюць грашовыя запасы, ёсьць тыя, у каго няма лішніх грошай, і тыя, у каго ёсьць крэдыты. Ёсьць таксама прадпрыемствы, якія, на дадатак да крэдытаў і недахопу грошай, арандуюць памяшканьні. Падлічыць агульныя страты ў такіх розных катэгорыях ня так і проста», — мяркуе Вадзім Іосуб.
У беларускай прамысловасьці ў 2018 годзе было 21,8% стратных арганізацый, у сельскай гаспадарцы — 13,6%. Па дадзеных Белстату за 2019 год, у прамысловасьці працавала 23,6% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 10,4%. У ВУП Беларусі за 2019 год доля сфэры паслуг складае 48,8%, вытворчасьці — 38,1%.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ