У ноч з панядзелка на аўторак Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла ў другім чытаньні і ў цэлым закон, які дазваляе продаж зямель сельскагаспадарчага прызначэньня. За яго прагаласавалі 259 народных дэпутатаў, супраць — 24.
Законам з 1 ліпеня 2021 году ўводзіцца рынак зямлі. Набываць права ўласнасьці на зямельныя ўчасткі сельскагаспадарчага прызначэньня могуць грамадзяне Ўкраіны, юрыдычныя асобы краіны, удзельнікамі якіх зьяўляюцца толькі грамадзяне Ўкраіны і/або дзяржава, і/або тэрытарыяльныя грамады; самі тэрытарыяльныя грамады, а таксама дзяржава.
Іншаземцам, асобам без грамадзянства і юрыдычным асобам забаронена набываць долі ў статутным капітале, акцыі, паі, сяброўства ў юрыдычных асобах, якія зьяўляюцца ўладальнікамі зямель сельскагаспадарчага прызначэньня. Гэтая норма можа быць адмененая на ўсенародным рэфэрэндуме.
Зьняцьце забароны на продаж сельгасугодзьдзяў ёсьць адным з патрабаваньняў для атрыманьня крэдыту памерам 8 мільярдаў даляраў ад Міжнароднага валютнага фонду.
Прыхільнікі зьняцьця забароны адзначаюць, што такі крок прывядзе да росту інвэстыцый ва Ўкраіну, адну зь вядучых сусьветных экспартэраў збожжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук