Эмілія Мезіна, якая да 1 сакавіка працавала галоўнай лекаркай менскага прыватнага мэдыцынскага цэнтру, праз сваю старонку ў «Фэйсбуку» заявіла, што ў выпадку неабходнасьці яна, прыватны доктар і мэнэджар мэдыцыны, гатовая ўсё адкласьці, узяць у рукі фанэндаскоп і стаць побач са сваімі калегамі ў любой мэдустанове краіны». Эмілія Мезіна заклікала кіраўнікоў дзяржаўных клінік не выкрэсьліваць прыватную мэдыцыну ў складанай сытуацыі пандэміі.
Свабода пагутарыла з Эміліяй Мезінай больш дэталёва пра яе ініцыятыву, пра тое, як прыватныя мэдыцынскія цэнтры могуць дапамагчы змагацца з каранавіруснай інфэкцыяй, а таксама пра тое, чаму яна давярае беларускім санітарным службам і інфэкцыяністам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Было б нерацыянальна ня браць у разьлік магутнасьці прыватнай мэдыцыны»
Эмілія Мезіна кажа, што восем гадоў яна не зьяўляецца часткай дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя:
— Я заўсёды была і доктаркай з прыватнай практыкай, і мэнэджаркай. Восем гадоў у мяне не было сувязі зь дзяржаўнай сыстэмай, я практыкавала і кіравала выключна ў прыватнай сфэры аховы здароўя. Я вельмі добра разумею і ўсьведамляю, што сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй можа мяняцца. І яна мяняецца ў нас вельмі хутка. Я нэўроляг, не вірусоляг і не эпідэміёляг. Але як доктарка я здольная аналізаваць даступную мне інфармацыю. Я разумею, што можа наступіць момант, калі дзяржаўнай сыстэме аховы здароўя можа стаць даволі складана і цяжка. І калі такі момант раптам у нас пачнецца, то, на мой погляд, было б нерацыянальна і няслушна ня браць у разьлік хай невялікія, але ўсё ж наяўныя магутнасьці прыватнай мэдыцыны. У сытуацыі, калі ўвесь сьвет кансалідуецца, аб’ядноўваецца для вырашэньня гэтай складанай глябальнай пагрозы, нам трэба рабіць тое самае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацыент з каранавірусам наведваў мэдцэнтар «ЛОДЭ» ў Менску
«Многія скардзяцца, што прыватныя мэдыцынскія цэнтры не прымаюць пацыентаў з тэмпэратурай»
Эмілія Мезіна мяркуе, што ў цяперашняй сытуацыі варта аптымальна скарыстаць магчымасьці прыватных цэнтраў:
— Многія скардзяцца, што прыватныя мэдыцынскія цэнтры не прымаюць пацыентаў з тэмпэратурай. Я лічу, што гэта слушна. У прыватных цэнтраў няма магчымасьцяў сартаваць пацыентаў, але яны могуць займацца тымі пацыентамі, якія маюць іншыя праблемы са здароўем, якім няправільна было б сядзець у чэргах у паліклініках. У выпадку крайняй неабходнасьці я б заклікала прыватны бізнэс рэзка зьнізіць кошт сваіх паслуг і павялічыць даступнасьць для людзей з вострай паталёгіяй — з вострым болем, вострымі сымптомамі іншых хваробаў.
Акрамя каранавірусу, людзі працягваюць хварэць на ўсе астатнія хваробы. І каб зьменшыць нагрузку на дзяржаўныя паліклінікі, якія як сартавальныя пункты працуюць найхутчэй цяпер, прыватным цэнтрам трэба было б узяць на сябе задачу — забраць пацыентаў іншай паталёгіі і дапамагчы разгрузіць дзяржаўную сыстэму аховы здароўя. Напэўна, гэта не вялізарны ўнёсак, але ўсё роўна ўнёсак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ёсьць у жанчыны з Жыткавіч каранавірус? Што казаў міністар Уладзімер Каранік пра тэсты«Сярод трох тысяч маіх падпісчыкаў ёсьць людзі ва ўладзе, ёсьць кіраўнікі дзяржаўных клінік»
Эмілія Мезіна пакуль не абмяркоўвала з калегамі практычную рэалізацыю сваёй ініцыятывы:
— Гэта проста мае думкі і разважаньні. У нашай краіне ўсё рэгулюецца, ніхто нічога бяз пэўных нарматыўных дакумэнтаў ня зробіць. Я гэта цудоўна разумею. Таму я напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, каб прыцягнуць увагу, таму што я ведаю, што сярод трох тысяч маіх падпісчыкаў ёсьць людзі ва ўладзе, у тым ліку і кіраўнікі дзяржаўных клінік. Яны павінны на гэта зьвярнуць увагу, і, можа, у іх зьменіцца гэтая парадыгма і яны задумаюцца пра тое, што ёсьць яшчэ сілы, спосабы і сродкі. Гэта быў мой асноўны пасыл. Я абсалютна шчыра напісала, што калі паклічуць, я пайду і кіну ўсё. Я разумею, што я павінна буду на некаторы час спыніць дзейнасьць прыватнага доктара і прыватнага мэнэджара і як валянтэрка пайду працаваць, як і ўсе астатнія.
Эмілія Мезіна тлумачыць, як распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі паўплываў на працу прыватных мэдыцынскіх цэнтраў.
— Адбыўся невялікі адток пацыентаў. У прыватныя цэнтры прыходзяць тады, калі вельмі баліць і ня можаш трапіць у іншае месца, калі ёсьць страхавы варыянт, альбо калі гэта плянавыя пацыенты. Плянавых пацыентаў стала меней. Усё астатняе працягвае працаваць, як і раней. Пры гэтым усе прыватныя цэнтры зрабілі ўсе патрэбныя захады. У нас рэгуляваная сфэра, таму ўсе загады, распараджэньні, інструкцыі, якія Міністэрства аховы здароўя дае дзяржаўным установам, даходзяць і да прыватных цэнтраў. Усе захады выконваюцца абавязкова, каб не распаўсюджваць заразу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся людзкой панікі і агрэсіі» — былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу санслужбы Менску пра сытуацыю з COVID-19«Наша сыстэма аховы здароўя, якой я не задаволеная, аказалася ў больш выйгрышнай пазыцыі, чым іншыя»
Эмілія Мезіна падкрэсьлівае, што вельмі давярае беларускай санітарнай службе і інфэкцыяністам:
— Сябрую з галоўным інфэкцыяністам краіны Ігарам Аляксандравічам Карпавым. Гэта вельмі разумны і вельмі прыстойны чалавек. Я паглядзела спэцыяльна, як вельмі хутка ён і санітарная служба адрэагавалі і выдалі патрэбныя рэкамэндацыі для лячэбных установаў. Другі раз на маёй памяці мы з гэтым сутыкаемся. Быў 2009 год, калі быў сьвіны грып. Праўда, тады была невялікая замінка. А цяпер нават замінкі не было. Вельмі хутка былі выдадзеныя сапраўды слушныя рэкамэндацыі.
Мне падаецца, што, як ні парадаксальна гэта гучыць, але ў сытуацыі з COVID-19 наша сыстэма аховы здароўя, якой я не задаволеная, аказалася ў больш выйгрышнай пазыцыі, чым усе іншыя сыстэмы, якія раней мне больш падабаліся. Напрыклад, гледзячы на нямецкую статыстыку, разумееш, што немцы са сваёй арганізацыяй, слушнымі выкладкамі найлепш за ўсіх цяпер у гэтай сытуацыі выглядаюць. Мне нямецкая сыстэма заўсёды імпанавала. Але я думаю, што нават у іх ня так добра, як у нас.
Гэта парадаксальна, але гэта факт. Праўдападобна, гэта праз тое, што ў нас ёсьць пэўная цэнтралізацыя, і ўсе гэтыя пратаколы, мэтадычкі, загады, якія спускаюцца зьверху, сапраўды даходзяць. Пад страхам, але ўсе робяць гэта. Можа, ёсьць нейкія перагібы, напэўна. Ёсьць рэчы, якіх я ня ведаю, але абраная тактыка, калі яны лякалізуюць усё ў асяродку, — гэта яшчэ з савецкіх часоў захаваная практыка, якая прыносіць плён цяпер. Нельга сказаць, што дрэнна ўсё. Можа, зь лічбамі, як заўсёды ў нас, гуляюць, але тактыка абраная вельмі слушная. Я давяраю ім. Я сябрую з многімі людзьмі з санітарнай службы і ведаю, што яны працуюць вельмі слушна і вельмі сумленна.
===
- Эмілія Мезіна да першага сакавіка працавала галоўнай лекаркай мэдычнага цэнтру, адкуль сышла праект-мэнэджарам у іншую кампанію, каб заняцца ўнікальным мэдыцынскім праектам на абсалютна новым абсталяваньні і з новымі тэхналёгіямі, якіх яшчэ не было ў Беларусі. «Я гэтым хачу займацца, але я была б рада, каб мой заклік дапамагчы быў пачуты», кажа доктарка.
-
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ