Зяленскі заявіў пра магчымы дэфолт Украіны, патрэбна 10 мільярдаў даляраў пазыкі

Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 29 сакавіка заявіў, што Ўкраіне пагражае дэфолт у выпадку адмовы парлямэнту ўхваліць законапраекты, неабходныя для атрыманьня міжнароднай фінансавай дапамогі і барацьбы з каранавірусам.

«Нашая краіна сапраўды апынулася на скрыжаваньні з прычыны каранавірусу і мае два шляхі, — казаў Уладзімір Зяленскі. — Першы — ухваленьне двух жыцьцёва важных законаў, пасьля якіх мы атрымаем падтрымку ад нашых міжнародных фінансавых партнэраў ня менш як на 10 мільярдаў даляраў. Гэта неабходна для стабілізацыі эканомікі краіны і пераадоленьня крызісу. Інакш другі шлях, правал гэтых законаў. Пасьля – эканамічны спад і нават пагроза дэфолту».

Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ў апошнія тыдні Офіс прэзыдэнта і ўрад рабілі ўсё магчымае, каб дамовіцца на фінансавую падтрымку Ўкраіны:

«Цяпер ваша чарга, дарагія народныя дэпутаты. Уся адказнасьць цяпер ляжыць на вашых плячах. Народ Украіны дакладна пабачыць, ці гатовыя вы абараняць яго інтарэсы. І хоць усе вы будзеце ў масках, людзі зразумеюць, хто ёсьць хто. Грамадзкасьць зразумее – вы слуга народу ці слуга чужых інтарэсаў».

Сёньня ў Кіеве на пазачарговым пасяджэньні Вярхоўнай Рады дэпутаты мусяць разгледзець шэраг законапраектаў, скіраваных на барацьбу з каранавірусам, якія прадугледжваюць забесьпячэньне лячэньня, дадатковых сацыяльна-эканамічных гарантый, а таксама ўводзяць крымінальную адказнасьць за экспарт супрацьэпідэмічных мэдыцынскіх тавараў.

Апроч таго, парлямэнт можа ўхваліць рашэньне аб адстаўцы міністра аховы здароўя Ільлі Емца і міністра фінансаў Ігара Уманскага, якія былі прызначаныя 4 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне новы ўрад. Што стала прычынай першага крызісу ў камандзе Зяленскага

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ