Колькасьць расейцаў, якія баяцца заразіцца каранавірусам, павялічылася за месяц у паўтара раза, — Левада-цэнтар

Масква, 25 сакавіка 2020

Такія вынікі апытаньня, якое гэтае расейскае сацыялягічнае агенцтва правяло па ўсёй Расеі 19–25 сакавіка. Мінулае аналягічнае апытаньне Левада-цэнтар правёў 20 лютага.

Тады колькасьць тых, хто сказаў, што пэўна баіцца ці хутчэй баіцца заразіцца, складала 30%, напрыканцы сакавіка — ужо 44%.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пры гэтым амаль кожны чацьвёрты (23%) паведаміў, што яму з прычыны пандэміі давялося адмовіцца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах, 16% набылі мэдычныя маскі, 11% запасалі прадукты, 8% засталіся дома і ня ходзяць на працу і вучобу на загад кіраўніцтва, а 7% — па ўласным жаданьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Расеі прыпыніў працу ўсіх рэстаранаў і кавярняў

Расейцам давялося сутыкнуцца з дэфіцытам пэўных тавараў: з дэфіцытам масак — 40%, дэзынфэктараў — 28%, харчаваньня — 16%.

Поўны давер да афіцыйнай інфармацыі пра стан пандэміі ў РФ выказалі 16%, поўны недавер — амаль кожны чацьвёрты (24%) апытаны расеец.

На пытаньне, ці падрыхтаваная сыстэма аховы здароўя ў Расеі да маштабнай эпідэміі каранавірусу, меркаваньні падзяліліся: 47% мяркуюць, што «так» ці «хутчэй так», 48% лічаць, што «не» ці «хутчэй не».

Камэнтар Юрыя Дракахруста

Адпаведных апытаньняў у Беларусі пакуль не праводзілася. Але можна рабіць пэўныя аналёгіі з прычыны блізкіх сувязяў двух грамадзтваў.

Рост занепакоенасьці расейцаў пагрозай захворваньня — зьява абсалютна натуральная, інфармацыі пра становішча з пандэміяй і ў самой Расеі, і за яе межамі, даволі шмат і ня толькі ў афіцыйных каналах. Тэмп пашырэньня пандэміі пакуль ня вельмі высокі, але ўражвае досьвед іншых краінаў і спараджае пытаньне — ці не наступныя мы?

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін выступіў з адмысловым зваротам наконт каранавірусу ў апошні дзень апытаньня. Можна меркаваць, што пасьля яго ўзровень перасьцярогі падвысіцца яшчэ больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра перанос галасаваньня аб папраўках у Канстытуцыю на пазьнейшы тэрмін

Карантын у Расеі не абвяшчалі. Апытаньне паказала памеры стыхійнага, народнага карантыну ў РФ — прыкладна 15%.

Даволі высокім аказаўся паказьнік недаверу афіцыйнай інфармацыі пра пандэмію. У Расеі ад пачатку не гаварылася, што гэта адно «псыхоз» і што ад хваробы варта лячыцца лазьняй і гарэлкай. Аднак тым ня менш ладная частка расейцаў ня вераць афіцыйным паведамленьням.

Праецыруючы дадзеныя расейскіх апытаньняў на Беларусь, можна меркаваць, што занепакоенасьць расьце і ў Беларусі. Лічбы тых, хто сышоў у «народны карантын», напэўна, у Беларусі яшчэ ніжэйшыя, чым у Расеі, з прычыны адмоўнага стаўленьня ўладаў да такіх паводзінаў.

Узровень недаверу афіцыйнай інфармацыі складана суадносіць. Можна выказаць гіпотэзу, што ў Беларусі ён усё ж вышэйшы, надта ўжо інфармацыйная палітыка ў Беларусі адносна пандэміі ідзе ўразрэз з палітыкай ва ўсім сьвеце, з Расеяй уключна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ