Многія банкі спынілі выдачу крэдытаў фізычным асобам, іншыя паднялі працэнтныя стаўкі на іх. Што адбываецца ў банкаўскай сфэры і ці сталі людзі браць крэдыты на грэчку, разьбіраемся з экспэртам.
24 сакавіка «Прыорбанк» узнавіў выдачу крэдытаў, якія не выдавалі з 21 па 23 сакавіка. Пры гэтым працэнтная стаўка паднялася з 12,32% да 14,18%.
«Беларускі народны банк» прыпыніў выдачу крэдытаў фізычным асобам з 23 сакавіка, пры гэтым выдае крэдыты на нерухомасьць і аўтамабілі. У сярэднім стаўка павысілася на 2%. З 19 сакавіка прыпыніў выдаваць крэдыты фізычным асобам і «БТА Банк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны банк параіў банкам увесьці крэдытныя вакацыіУ сярэднім большасьць банкаў падняла стаўкі па крэдытах на 2%. Гэта тычыцца і крэдытаў на нерухомасьць.
У Нацыянальным банку статыстыку крэдытаў для фізычных асобаў на час пандэміі пакуль не публікавалі. Не паведамілі пра статыстыку крэдытаў і ў 5 камэрцыйных банках, куды зьвярнулася Свабода. Але, паводле экспэртаў, больш крэдытаў людзі браць ня сталі. Бо банкам акурат крэдыты выдаваць выгадна.
У асобных банкаўскіх філіях, куды зьвярнулася Свабода, таксама не заўважылі апошнім часам наплыву кліентаў, якія хочуць узяць крэдыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі рубель працягвае ўмацоўвацца пасьля падзеньня
«Банкі перастрахоўваюцца»
Праз пандэмію эканамісты праракуюць усясьветны эканамічны крызіс, які не абміне і Беларусь. У банках гэта разумеюць, таму выдаваць зараз крэдыты «ім проста страшна».
«Відавочна, што нарастаюць рызыкі, яны зьвязаныя з надыходам эканамічнага крызісу. Вызначыць глыбіню гэтага крызісу складана. Многія страцяць працу, многія сутыкнуцца зь няпоўным працоўным днём ці тыднем. Даходы будуць падаць, што закране індывідуальных прадпрымальнікаў. У стандартнай сытуацыі ў банку даюць крэдыт, калі бачаць даведку аб заробках. А зараз у банках ня ведаюць, ці будзе гэты чалавек працаваць праз паўгода», — тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
Крэдытаў будзе менш
У сытуацыі пандэміі каранавірусу банкам застаецца абмяжоўваць выдачу крэдытаў фізычным асобам да часу, калі можна будзе ацаніць рызыкі крызісу і дакладна вызначыць яго маштабы.
«Дзесьці павысяць стаўкі на крэдыты, дзесьці ўзмоцняць патрабаваньні, ад пэўных крэдытных прадуктаў проста адмовяцца», — мяркуе Вадзім Іосуб.
Цяпер банкі абмяжоўваюць ня толькі выдачу крэдытаў, але і валютна-абменныя апэрацыі. Напрыклад, каб зьняць некалькі сотняў даляраў з даляравага рахунку, у пэўныя банкі ўжо трэба зьвяртацца за тыдзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітыкі: сусьветная эканоміка ўжо ўвайшла ў рэцэсію праз пандэмію каранавірусу
«Не завышаць курсу канвэрсіі»
Нацыянальны банк не рэкамэндуе камэрцыйным банкам:
- уводзіць беспадстаўныя абмежаваньні і ўзнагароджаньні фінансавых апэрацыяў
- завышаць курс канвэрсіі на абменныя апэрацыі
- устанаўляць вялікую розьніцу паміж курсамі куплі і продажу замежнай валюты
Наконт крэдытаў за апошнія 15 дзён канкрэтных рэкамэндацыяў Нацыянальны банк афіцыйна не публікаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк зьмяніў умовы для ўкладаў і крэдытаў. Што гэта азначае