Каранавірус як палітычная зброя ў змаганьні за ўладу

Заняўшы даволі сумнеўную пазыцыю адносна пандэміі каранавірусу, улады самі даюць апазыцыі ў рукі палітычную зброю. Усё пытаньне ў тым, як яна здолее гэтай зброяй скарыстацца.

Сьцісла:

  • Адмаўляючыся ажыцьцявіць жорсткія захады супраць распаўсюду каранавірусу, Лукашэнка дзейнічае насуперак дамінуючым настроям у беларускім грамадзтве і моцна падстаўляецца.
  • Галоўная ідэя, з якой выступіла апазыцыя — гэта «народны карантын».
  • Апазыцыя вымушана абмежаваць свой пратэст і актыўнасьць толькі інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі.
  • Існуе праблема, як данесьці гэты набыты палітычны багаж да прэзыдэнцкіх выбараў.

Адмаўляючыся прызнаць рэальную пагрозу жыцьцю і здароўю насельніцтва ад каранавірусу, абвесьціць карантын, Аляксандар Лукашэнка моцна падставіўся, стаў відавочным аб’ектам для крытыкі. Ягоная адзінота, дэманстратыўнае супрацьпастаўленьне ўсяму сьвету відаць шараговым абываталям, нават тым, якія атрымліваюць навіны толькі з афіцыйных СМІ. Дзяржаўныя мэдыя гэтага не хаваюць, а наадварот, хваляцца, прадстаўляюць як дзяржаўную мудрасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія COVID-19: траціна насельніцтва Зямлі ва ўмовах карантыну

З другога боку, Лукашэнка дзейнічае насуперак дамінуючым настроям у беларускім грамадзтве. Каб у гэтым пераканацца, варта пачытаць сацыяльныя сеткі, прычым ня толькі «Фэйсбук», але і «Аднаклясьнікі», дзе актыўна абмяркоўваецца вэрсія, што ўлады зьбіраюцца пазбавіцца ад пэнсіянэраў.

Да таго ж усё больш відавочным становіцца разрыў паміж словамі, дзеяньнямі афіцыйных асобаў і рэальнасьцю. Напрыклад, Лукашэнка кажа, што мэдыцынскія маскі ў Беларусі «падзець няма куды», хоць прадавай іх у Нямеччыну. Тое самае даводзяць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя. А тым часам у беларускіх аптэках аднаразовыя маскі знайсьці вельмі цяжка.

Усё гэта дае магчымасьць апазыцыі больш моцна заявіць пра сябе, выступіць абаронцам жыцьця і здароўя народу. Тым больш што яны могуць абапірацца на грамадзкія настроі. Вось жа ў Вялікай Брытаніі прэм’ер Борыс Джонсан радыкальна памяняў сваю пазыцыю адносна каранавірусу пад уплывам крытыкі апазыцыі і грамадзкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантыну

Галоўная ідэя, зь якой выступіла апазыцыя — гэта «народны карантын». Яна патрабуе ад уладаў зрабіць жорсткія захады дзеля нэўтралізацыі пандэміі на дзяржаўным узроўні. І адначасова заклікае насельніцтва самастойна, явачным парадкам рэалізаваць «народны карантын».

20 сакавіка радыкальная частка апазыцыі (Статкевіч, Севярынец, Някляеў, Саньнікаў і інш.) выступіла са зваротам да грамадзянаў. Яны заклікаюць людзей адмовіцца ад удзелу ў масавых акцыях, не адпраўляць дзяцей у дзіцячыя сады і навучальныя ўстановы, абмежаваць свае сацыяльныя кантакты, праяўляць салідарнасьць. Пэтыцыя ў падтрымку закрыцьця ўстаноў адукацыі набрала больш за 16 тысяч подпісаў. Можна па-рознаму ацэньваць, шмат гэта ці не.

Але тут ёсьць адна праблема. Апазыцыя вымушана абмежаваць свой пратэст і актыўнасьць толькі інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі. Яна ня можа вывесьці людзей на вуліцу. Бо выглядала б дзіўна заклікаць забараніць масавыя мерапрыемствы з дапамогай масавай акцыі пратэсту. Можна згадаць толькі адзіночны пікет Ганны Канапацкай каля Дома ўраду з плякатам, у якім яна заклікала абвясьціць карантын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

І яшчэ адно пытаньне: як данесьці гэты набыты палітычны багаж да прэзыдэнцкіх выбараў? Мэсыдж пра антынародны рэжым, які ня дбае пра народ, мог бы стаць добрым перадвыбарчым слоганам. Аднак тут шмат пытаньняў, на якія няма адказаў. Пакуль незразумела, якія маштабы набудзе каранавірус у Беларусі, да якіх наступстваў ён прывядзе. Магчыма, да лета ўсё скончыцца і на момант прэзыдэнцкіх выбараў гэтая тэма перастане быць актуальнай. Ці наадварот, яны пройдуць у разгар пандэміі.

Як вядома, найбольш папулярны цяпер апазыцыйны лідэр Павел Севярынец выступае за байкот выбараў. Але, здаецца, найбольш эфэктыўны спосаб давесьці да грамадзтва свае ідэі — гэта стаць кандыдатам у прэзыдэнты і легальным чынам правесьці агітацыйную кампанію цягам месяца, з выкарыстаньнем дзяржаўнага ТВ. Бо байкот у Беларусі забаронены. З другога боку, калі пандэмія працягнецца да лета, то ідэя народнага карантыну вельмі добра кладзецца на ідэю байкоту.

У любым выпадку, пакуль што ўлады самі даюць апазыцыі ў рукі палітычную зброю. Усё пытаньне ў тым, як яна здолее ёй скарыстацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.