У Расеі сьвятар праваслаўнай царквы прыйшоў на казань у процігазе. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота

Протаярэй Расейскай праваслаўнай царквы Андрэй Ткачоў прыйшоў на казань у процігазе, робячы пародыю на тых, хто ходзіць у масках праз эпідэмію каранавірусу. Нягледзячы на сьмех сярод прыхаджанаў, сьвятар перахрысьціўся і пачаў чытаць малітву. ​


Аднак пазьней ён зьняў процігаз і назваў «паскудзтвам» тэлебачаньне і СМІ, якія распаўсюджваюць інфармацыю аб каранавірусе. «Каб вы так іржалі з гэтых д’ябальскіх паскудзтваў усё жыцьцё», — сказаў Ткачоў. На відэа, апублікаванае расейскім блогерам Раманам Галаванавым, зьвярнуў увагу тэлеканал «Дождь».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Напярэдадні патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў вернікаў не ігнараваць захадаў барацьбы з распаўсюджваньнем інфэкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск акрапілі сьвятой вадой з гелікоптэра. Каб не хварэлі

Раней патрыярх зацьвердзіў тэксты спэцыяльных малітваў у сувязі з пагрозай новай каранавіруснай інфэкцыі. Тэкст малітвы напісаны на царкоўнаславянскай мове, слова «каранавірус» ў ім не згадваецца — хвароба называецца «згубнай пошасьцю».

Расейскі протаярэй Андрэй Ткачоў нярэдка дазваляе сабе рэзкія і нават абразьлівыя выказваньні ў казанях і выступах на праваслаўных тэлеканалах. Так удзельнікаў летніх пратэстаў за сумленныя выбары ў Маскве ён называў «ідыётамі і сьмярдзючымі людзьмі». Нядаўна айцец Андрэй заявіў, што жанчына не павінна агаляцца перад доктарам-мужчынам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ