Беларуская кампанія Mark Formelle абвясьціла «агульнанацыянальны чэлендж» #разам_ад_заразы і сама выдаткавала 20 тысячаў рублёў для Менскай інфэкцыйнай лякарні.
Выклік Mark Formelle адрасаваны як іншым кампаніям, так і простым беларусам. Вытворца адзеньня заклікае:
- кампаніі — быць сацыяльна адказнымі і дапамагаць установам аховы здароўя, каб «скараціць нагрузкі на лякарні, зразумець рэальныя лічбы заражэньняў і зэканоміць самы неаднаўляльны чалавечы рэсурс — час»;
- звычайных беларусаў — расказваць, якія захады супраць вірусу яны прымаюць, суправаджаць пасты хэштэгам #разам_ад_заразы;
- сродкі масавай інфармацыі — не лічыць гэтае пасланьне камэрцыйным, не шукаць у ім таемных матываў, перадаваць расказанае кампаніямі і простымі беларусамі пад названым хэштэгам.
Акрамя Mark Formelle, грошы Менскай інфэкцыйнай лякарні перавёў таксама тэлекамунікацыйны апэратар A1 (былы Velcom). Кампанія накіравала 50 тысячаў рублёў на апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, сыстэмы дыягностыкі, мэдыкамэнты і абарончае адзеньне для пэрсаналу.
Міністэрства здароўя Беларусі расказала на прэс-канфэрэнцыі 23 сакавіка, што плянуе неўзабаве даць зьвесткі пра агульны рахунак для кампаніяў і фізычных асобаў, каб тыя маглі пералічыць грошы ўстановам аховы здароўя.
Урад Беларусі выдаткаваў на барацьбу з каранавірусам 891 тысячу даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці шмат Беларусь выдаткавала на барацьбу з каранавірусам? Адной карцінкайКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.