«Альбо распушчу пэрсанал, альбо закрыюся». Як выжывае прыдарожная кавярня пад Браславам пасьля закрыцьця межаў

Юлія Абразей тры гады трымае прыдарожную кавярню ў памежнай зоне пад Браславам. Летам прыбытак забясьпечваюць турысты, зімой — грамадзяне суседніх краін, якія прыяжджаюць у Браслаў на закупы. Ад закрыцьця межаў жанчына страціла большую частку кліентаў у міжсэзоньне. Яе бізнэс пад пагрозай.

«Кавярня» Юліі стаіць на скрыжаваньні дарог Р27 і Р3 за 11 кілямэтраў ад беларуска-латвійскай мяжы. У панядзелак гаспадыня пакарміла апошніх латышоў і эстонцаў — 17 сакавіка краіны Балтыі закрылі межы праз пандэмію.

«Яны заехалі а дзявятай вечара, — успамінае Юлія. — У тэлефоннай размове жартавалі, што ў Браславе ёсьць грэчка і туалетная папера. Ніхто ня носіць масак. У горадзе спакойна».

Спад кліентаў Юлія адчула адразу ж, на наступны дзень.

Юлія Абразей побач са сваёй кавярняй

«Паток зьнізіўся прыблізна на 60%. У нізкі сэзон большасьць маіх наведнікаў — латышы і літоўцы, — кажа яна. — Многія ўжо сталі заўсёднымі кліентамі. Заехаць да нас для іх — гэта своеасаблівы рытуал. Яны ведаюць, што тут можна выпіць добрай кавы са сьвежым пірагом ці зьесьці сапраўднага супу. Цяпер іх няма».

«Складана ўявіць, што з намі будзе празь месяц»

«Кавярня» — аб’ект прыдарожнага сэрвісу. Летам значную частку яго кліентаў складаюць турысты. Па Р27 едуць менчукі, па Р3 зь пераходу «Урбаны» — латышы і падарожнікі зь іншых эўрапейскіх краінаў. Адным бокам будынак кавярні павернуты да дарогі і запраўкі, другім — да найбольшага на Браслаўшчыне возера Дрывяты. Адкрытая тэраса ў гарачыя часы, асабліва падчас летняга фэсту «Віва Браслаў», адначасова здольная прымаць да ста чалавек. У нізкі сэзон працуе памяшканьне ўмяшчальнасьцю каля 20 чалавек.

Кавярня месьціцца на беразе найбольшага на Браслаўшчыне возера Дрывяты

«У несэзон сытуацыя патавая. Можна доўга казаць пра разьвіцьцё турызму ў Браславе, аднак па-за летам яго тут няма. Пакуль у горадзе не адкрыецца сучасны SPA-цэнтар, аквапарк, санаторый, турысты ня будуць сюды прыяжджаць на выходныя. Бо тут няма чаго рабіць».

Асноўныя наведнікі гэтага часу — жыхары суседніх краін, якія прыяжджаюць у закупы.

«Браслаў папраўдзе памежны горад. Пра гэта мала хто гаворыць, але ягоная эканоміка моцна залежыць ад суседніх краін, — разважае Юлія. — У сутнасьці, усе буйныя гандлёвыя сеткі прыходзілі ў Браслаў толькі з разьліку на замежных пакупнікоў. Пра гэта сьведчыць выкладаньне тавару — аўсянка, цукар, алей навідавоку. Гэта заўсёды зьдзіўляе жыхароў іншых рэгіёнаў. Поруч з гэтым яны, вядома, карыстаюцца і іншымі прапановамі браслаўскай сфэры паслуг. Мне складана ўявіць, што з намі будзе празь месяц. Як будуць выжываць нашыя аптэкі, крамы і мы самі».

«Мне складана ўявіць, што з намі будзе празь месяц»

Рэстарацыя ўжо адмовілася ад паслуг часткі пастаўшчыкоў. Але кухня пакуль працуе ў поўным аб’ёме. Мэню кавярні арыентаванае на эўрапейскую і беларускую кухні. Тут прапануюць сьняданак, паўнавартасны гарачы абед, вячэру. Каву і гарбату з дэсэртам штодня ад 10 раніцы да 10 вечара.

Альбо распусьціць пэрсанал, альбо закрыцца

Летам «Кавярню» абслугоўвае пяць чалавек. У несэзон дзяўчаты, без уліку гаспадыні, спраўляюцца ўтрох. Цяпер Юлія сур’ёзна задумваецца над тым, каб адпусьціць усіх.

«Яшчэ тыдзень вяду назіраньні. Пасьля альбо распускаю пэрсанал і выходжу на працу сама, альбо буду вымушана закрыцца», — кажа яна.

Уласьніца моцна перажывае за сваіх супрацоўніц. У Браславе няпроста знайсьці сталую працу. У адной зь дзяўчат маці ляжыць у шпіталі, бацькі няма. Другая адна гадуе траіх дзяцей. Яна кухар-кандытар. У навакольлі «Кавярня» славіцца сваёй выпечкай.

«Сёньня замаўляю кандытару выпечку і чую ў адказ: навошта? Людзей усё роўна няма, — кажа Юлія. — Хваля тугі моцна людзей накрывае. У нас ёсьць запасы варэньня, салёных гуркоў, леташняга бярозавага соку. Аднак грашовай падушкі бясьпекі няма».

У Беларусі ня варта разьлічваць на падтрымку дзяржавы

Па словах Юлі, у эўрапейскіх краінах робяцца захады, каб падтрымаць прадпрымальнікаў у крызіснай сытуацыі. У Беларусі ня варта разьлічваць на падтрымку дзяржавы: прадстаўнікам малога бізнэсу наўрад ці зьнізяць падаткі, часова адменяць выплаты ў пэнсійны фонд альбо скасуюць арэнду. Некалькі тыдняў таму Юлія атрымала ліст, у якім ёй нагадалі, што трэба правесьці інструктаж супрацоўнікаў, прызначыць адказнага і дадаткова закупіць антысэптыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўропа ратуе свае эканомікі ад абвалу падчас пандэміі

«У Ізраілі, напрыклад, дзяржава забясьпечвае дэзынфэкцыйнымі сродкамі. Мы мусім іх набываць за свае грошы. Адна толькі ўпакоўка сродку для апрацоўкі падлогі каштуе каля 28 рублёў. Яе хапае на тры-чатыры дні. Адзін літар дазолу для мыцьця рук каштуе 6 рублёў. Яго хапае на некалькі дзён — сродкам карыстаецца пэрсанал, яго прапануюць наведнікам, дазатар з дазолам вісіць у прыбіральні. Мы традыцыйна закупляем у „БелАсэптыцы“. Прадпрыемства мае чаргу на пастаўку. Перавагу аддаюць буйным заказчыкам, дробным фірмам даводзіцца чакаць. У аптэках у свабодным продажы цяпер складана знайсьці неабходныя сродкі. Санстанцыя нас правярае штотыдзень».

Нават у лепшыя часы падтрымкі малому бізнэсу практычна няма, кажа суразмоўца. Патрабаваньні да прыдарожнага сэрвісу ў дзяржавы жорсткія, надзеі — вялікія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бізнэс і людзі кінутыя самі па сабе». Ці выжывуць прадпрымальнікі пасьля пандэміі?

«Каб у кавярні была электрычнасьць, штомесяц я мушу рабіць перадаплату, — тлумачыць Юлія. — Фактычна малы бізнэс у маёй асобе дае крэдыт буйному дзяржаўнаму прадпрыемству. І гэты крэдыт беспрацэнтны. Я не кажу пра шэраг бытавых пытаньняў, якія даводзіцца вырашаць за свой кошт».

«У сёньняшніх умовах мой бізнэс — сацыяльны»

Юлія трымае кавярню трэці год. Гэтую зіму называе самай складанай. У мінулыя гады несэзон дапамагалі перажыць банкеты і сьвяты. Сёлета апошнія карпаратыўныя замовы былі зьвязаныя са сьвяткаваньнем Новага году. Платаздольнасьць гараджан падае, упэўнена Юлія. Гэтай зімой адна з дробных кавярняў у цэнтры Браслава, якіх так моцна бракуе ў сэзон, да лета не дацягнула — закрылася напярэдадні апошніх падзей з каранавірусам.

Большасьць месьцічаў ня мае звычкі есьці па-за домам. У «Кавярню» за горадам часьцей выбіраюцца летам, калі ёсьць магчымасьць лёгкай прагулянкі альбо паездкі на ровары. Ад жылога сэктару ядальня стаіць сама меней за 7-8 кілямэтраў. Гарадзкі транспарт сюды не ідзе. У несэзон прыяжджаюць на вячэру ці хатнюю піцу сталыя кліенты, якія маюць машыну.

Юлія кажа, што цяпер ейны бізнэс не прыносіць прыбытку

«Ёсьць погляд, што замкнёныя ў маштабе сваёй краіны людзі зьвяртаюць увагу на тое, што побач. Хтосьці прагназуе рост падарожжаў унутры краіны. Хтосьці кажа, што гэтага не адбудзецца», — разважае Юлія і ня ведае, ці акупяцца страты заблякаваных веснавых месяцаў за кошт летніх турыстаў.

Асабіста яна ў любой сытуацыі ня бачыць выйсьця без глябальнай праграмы разьвіцьця ўнутранага турызму, у якой будзе зацікаўленая і дзяржава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі адрэагаваў на звароты прадпрымальнікаў аб дапамозе ва ўмовах пандэміі 

«Фактычна мы першая прыдарожная кавярня пасьля мяжы, — працягвае Юлія. — Міжволі мы вымушаныя выконваць ролю інфармацыйнага цэнтру. Падказваем, як аформіць рыбалку, дзе пакатацца на роварах, што купіць, што зьесьці, што паглядзець. Аднак, акрамя асобных прыватных ініцыятыў, прапаноў няшмат. Адзінай канцэпцыі ў рэгіёне няма. Як няма асобнага пляну сьвяткаваньня 950-годзьдзя Браслава».

Фэстываль сярэднявечнай культуры ў Браславе, чэрвень 2019

У «Кавярні» пэрыядычна адбываюцца сустрэчы актыўных гараджан. Яны заканчваюцца на этапе плянаў і прапаноў — праз адсутнасьць падтрымкі і заказчыка. Юлія Абразей спрабавала працаваць з аграсядзібамі і турыстычнымі фірмамі. Прапановай ладзіць вечары рэгіянальнай кухні з традыцыйнымі мясцовымі стравамі — клёцкамі з душамі, юшкай з галушкамі са шчупака — скарысталіся двойчы.

«У сёньняшніх умовах мой бізнэс — сацыяльны. Альбо гэта самазанятасьць, — падсумоўвае Юлія. — Цяпер ён не прыносіць прыбытку. Неўзабаве перастане прыносіць і маральнае задавальненьне».

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта як ваеннае становішча». Хто ў Беларусі найбольш пацярпеў ад закрыцьця мяжы Эўразьвязу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні танных тавараў, ні прыгожага Львова. Як беларусы пацярпелі ад закрыцьця ўкраінскай мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамогі ні ад кога не чакаем», — беларусы, якія пацярпелі ад закрыцьця мяжы з Расеяй