Рашэньне прэзыдэнта ЗША дазваляе выдаткаваць штату фэдэральную дапамогу на барацьбу з захворваньнем, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп прызнаў штат Вашынгтон зонай буйнога бедзтва і даручыў аказаць фэдэральную дапамогу штату, муніцыпалітэтам і племянным уладам у барацьбе з каранавірусам. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома, распаўсюджанай у нядзелю.
У заяве адзначаецца, што рашэньне прэзыдэнта дазваляе выдзяліць фэдэральныя сродкі для крызіснага кансультаваньня пацярпелых асобаў ва ўсіх раёнах штату Вашынгтон.
Фэдэральныя сродкі таксама будуць выдзяляцца органам улады і некаторым прыватным некамэрцыйным арганізацыям на надзвычайныя ахоўныя захады, уключаючы наўпроставую фэдэральную дапамогу.
Кіраўнік Фэдэральнага агенцтва надзвычайных сытуацый Піт Гейнар прызначыў Майкла О'Хара каардынатарам фэдэральных апэрацый для ліквідацыі наступстваў эпідэміі ў пацярпелых раёнах, гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратара Белага дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нью-Ёрку надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусамУ Злучаных Штатах цяпер зафіксавалі звыш 34,7 тысячы выпадкаў COVID-19, памерлі 452 пацыенты, у цяжкім стане застаюцца 795, выпісаныя здаровымі 178. Паводле колькасьці «актыўных выпадкаў» (34,7 тысячы) ЗША на другім месцы ў сьвеце пасьля Італіі.
Найбольш хворых у штаце Нью-Ёрк: там выявілі 16,9 тысячы выпадкаў, памерлі 150 чалавек. Штат Вашынгтон на другім месцы ў ЗША з амаль 2 тысячамі выпадкаў і 95 памерлымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.