Чаму БЕЛТА крытыкуе NATO за скасаваньне вайсковых вучэньняў

Латвійскія вайскоўцы на вучэньнях NATO ў лютым 2019 году

У стаўленьні да каранавірусу выяўляецца каштоўнасная прорва, якая аддзяляе Беларусь ад Захаду.

Сьцісла:

  • На сайце БЕЛТА крытыкуюць рашэньне скасаваць вучэньні NATO DEFENDER-Europe 20 праз каранавірус. Гэта нібыта дэманструе слабасьць амэрыканскага войска.
  • Беларускае войска, паводле матэрыялу БЕЛТА, каранавірусу не баіцца, ня згортвае заплянаваных падзеяў у вайсковай сфэры, у тым ліку параду
  • У гэтым матэрыяле паказана, што Беларусь аддзяляе ад Захаду цывілізацыйная рознасьць, зусім іншая каштоўнасная сыстэма каардынатаў.
  • Для заходняй цывілізацыі прыярытэтам ёсьць чалавек, ягонае жыцьцё, здароўе, правы. Для ўладаў Беларусі прыярытэтам ёсьць дзяржава, яе веліч і аўтарытэт, яе інстытуты кшталту войска.

Скасаваньне вучэньняў

У кастрычніку 20019 году ў беларускіх дзяржаўных мэдыях была разгорнутая энэргічная інфармацыйная кампанія супраць вучэньняў NATO DEFENDER-Europe 20 («Абаронца Эўропа-20»), якія мелі прайсьці ўвесну 2020 году, у прыватнасьці, у Балтыі і Польшчы. Падставай стаў той факт, што 25 кастрычніка з ЗША ў Літву прыбылі 500 вайскоўцаў разам з вайсковай тэхнікай.

Аднак у зьвязку з пандэміяй каранавірусу маштаб вучэньняў быў радыкальна зьменшаны. Прычым настолькі радыкальна, што шмат якія эўрапейскія мэдыя паведамілі пра скасаваньне вучэньняў. Можна чакаць, што неўзабаве будзе прынятае рашэньне канчаткова адмовіцца ад далейшага правядзеньня DEFENDER-Europe 20.

Але гэты факт выклікаў вельмі дзіўную рэакцыю ў беларускім дзяржаўным інфармацыйным мэханізьме. 18 сакавіка 2020 году на сайце БЕЛТА зьявіўся матэрыял аналітыка дзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэя Чарнабая пад назвай «NATO ўкленчыла перад каранавірусам».

Зьдзек з амэрыканскага войска

Аўтар вырашыў з нагоды фактычнага скасаваньня вучэньняў пазьдзекавацца з амэрыканскага войска. Ён заявіў, што «Ўзброеныя сілы ЗША прайгралі стратэгічна». Яны панесьлі іміджавыя страты («замах на рубель, удар на капейку»). Але ня толькі. Сп. Чарнабай піша: «Армія павінна заставацца арміяй у кожным становішчы. Вайсковыя вучэньні праводзяцца ва ўмовах, максымальна набліжаных да баявых. Яны, у сутнасці, імітуюць непасрэдныя баявыя дзеянні, і войскі працуюць так, як працавалі б на рэальнай вайне. А на вайне могуць быць і нечаканасці. Напрыклад, стасаваньне праціўнікам бактэрыялягічнай (біялягічнай) зброі. І ў гэтых умовах трэба працягваць весьці бой, выконваць пастаўленую задачу... Ня выключана, што такім чынам сухаземныя войскі ЗША ненаўмысна агалілі адно з сваіх самых уразьлівых месцаў, падаўшы патэнцыйным праціўнікам новы кірунак для разьвіцьця стратэгічнага стрымліваньня Штатаў... І ў гэты раз Узброеныя сілы ЗША адмовіліся ад шанцу выпрабаваць сябе на трываласьць. Важна было выканаць усе пастаўленыя задачы, і тады армія ЗША выглядала б годна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэцыя заявіла аб пагрозе ваеннай эскаляцыі ў Балтыйскім рэгіёне. Асаблівая ўвага надаецца Беларусі

Неяк няёмка тлумачыць аўтару, які называе сябе аналітыкам, што Ўзброеныя сілы ЗША даўно маюць статус самай моцнай і баяздольнай арміі ў сьвеце. І ім наўрад ці патрэбныя дадатковыя доказы.
Пацешна бачыць, як дзяржаўная прапаганда спачатку нагнятала гістэрыю з нагоды «агрэсіўнай дэманстрацыі сілы NATO і ЗША ля нашых межаў», а цяпер сьцябецца з таго, што амэрыканскія вайскоўцы спужаліся каранавірусу.

Беларускае войска не баіцца каранавірусу

І ўвогуле высьвятляецца, што дзяржаўная ідэалягічная машына добра завостраная супраць Захаду. І шукае кожнай падставы, каб уся варожасьць да заходняй палітыкі вылезла на паверхню.

На фоне такіх слабых і пужлівых амэрыканцаў у вачах аўтара сапраўднымі волатамі выяўляюцца беларускія вайскоўцы, якія каранавірусу не баяцца. А. Чарнабай піша: «А ў гэты ж час у тых жа ўмовах у Рэспубліцы Беларусі праходзіць комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак Узброеных сілаў. Праводзяцца мерапрыемствы для пераводу войскаў на вышэйшыя ступені баявой гатоўнасьці, з запасу прызываецца асабовы склад, вайсковыя часткі выконваюць вучэбна-баявыя задачы на палігонах, правяраецца сыстэма тэрытарыяльнай абароны. Беларускія вайскоўцы гатовыя выконваць задачы адпаведна прызначэньню ў любым становішчы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны рыхтуецца да параду 9 траўня, нягледзячы на каранавірус. 2000 вайскоўцаў прыбылі ў Менск

Дадам ад сябе, што ўлады рыхтуюць параду, ідуць рэпэтыцыі, нягледзячы на каранавірус.

У гэтым артыкуле сп. Чарнабая у вельмі выразным, амаль чыстым выглядзе выяўлена каштоўнасная прорва, якая аддзяляе Беларусь ад Захаду. Гэта грамадзтвы, якія вызнаюць зусім розную жыцьцёвую філязофію, сьветапогляд, гэта цывілізацыйная рознасьць і зусім іншая каштоўнасная сыстэма каардынатаў.

Розныя каштоўнасьці

Для заходняй цывілізацыі прыярытэтам ёсьць чалавек, ягонае жыцьцё, здароўе, правы. Функцыя дзяржавы — абараняць усё гэта. Узгадваецца амэрыканскі фільм «Выратаваць шарагоўца Раяна». Там падчас Другой усясьветнай вайны вайскавод дае загад выратаваць жыцьцё вайскоўца, бо ён апошні сын ў маці. Зразумела, твор мастацкі, сюжэт фільму прыдуманы. Але кіно з падобным сюжэтам у прынцыпе не магло зьявіцца ў СССР ці ў постсавецкай Расеі, Беларусі. Яго б там проста не зразумелі. А ў ЗША фільм быў папулярным, бо перадаваў амэрыканскія ўяўленьні пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія: ці далёка мы ад сярэднявечча

Таму калі каранавірус пагражае вайскоўцам, то рашэньне скасаваць вучэньні (як і іншыя масавыя захады) — цалкам лягічнае. Вайны ж няма, навошта рызыкаваць безь неабходнасьці жыцьцямі і здароўем людзей.
Зусім іншая філязофія, якую вызнае ўлада Беларусі і значная (магчыма, большая) частка грамадзтва. Тут прыярытэтам ёсьць дзяржава, яе веліч і аўтарытэт, яе інстытуты кшталту войска. А жыцьцё і здароўе людзей — на другім пляне. З гэтага гледзішча ня варта надта перасьцерагацца з нагоды каранавірусу. Таму Беларусь — адзіная краіна ў рэгіёне, якая не закрыла межаў, не ажыцьцявіла іншыя, больш жорсткія захады супраць пашырэньня пандэміі. Тут праводзяцца ўсе заплянаваныя мерапрыемствы ў вайсковай сфэры, уключаючы парад.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая не прыпыніла футбольны чэмпіянат. А каранавірус лячыць будуць гарэлкай і лазьняй.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.