«Перажыла ўкусы павука і дзьве ліхаманкі». Як пандэмія перапыніла кругасьветнае падарожжа беларускі

Кацярына Дубаневіч

Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі перапыніла кругасьветнае падарожжа на матацыкле беларускі, 34-гадовай Кацярыны Дубаневіч. Яна выправілася ў дарогу з жніўні 2018 году, праехала на матацыкле Эўразію, Аўстралію, Паўночную Амэрыку, частку Паўднёвай Амэрыкі, наперадзе была Афрыка і вяраньне ў Менск сёлета ў траўні. Цяпер Кацярына знаходзіцца ў маленькім гарадку ў Аргентыне непадалёк ад мяжы з Бразыліяй і Парагваем, чакае адкрыцьця межаў і карэктуе свой маршрут.

«Адправіць матацыкл прасьцей, паколькі ён, хоць і блізкі сябар для мяне, але ніяк не пераносчык вірусу»

Кацярына Дубаневіч

Яшчэ месяц назад ніхто не ўяўляў, наколькі сур’ёзнай катастрофай можа стаць гэты вірус, кажа Кацярына:

— У свой час мы перажылі сьвіны і птушыны грып, Эболу, і неяк гэта ўсё было было далёка, незаўважна і ў іншым сьвеце. Але пандэмія каранавірусу ўнесла сурʼёзныя карэктывы ў жыцьці людзей на ўсёй плянэце. Для падарожнікаў, і мяне ў тым ліку, гэта выявілася ў закрыцьці межаў і неабходнасьці хуткага прыняцьця рашэньняў аб скасаваньні далейшых перасоўваньняў альбо іх радыкальнай зьмене.

Першапачатковы плян кругасьветнай падарожніцы быў наступны — выправіцца ў Гішпанію, адтуль у Афрыку, дзе вывучыць частку кантынэнту, пасьля чаго пасьпяхова вярнуцца ў Менск пры канцы траўня. Але на сёньняшні дзень гэта немагчыма, канстатуе Кацярына Дубаневіч:

— Я знаходжуся ў маленькім гарадку на мяжы з Бразыліяй і Парагваем. Тут практычна нікога няма, ціха, спакойна. Няма перабояў з прадуктамі, можна рыбачыць і гуляць па беразе ракі. Усё мясцовае транспартнае злучэньне замарожанае, аэрапорт закрыты і няма ніякіх шляхоў, каб вярнуцца назад у Буэнас-Айрэс. Для адпраўкі матацыкла праблем значна менш, паколькі ён, хоць і блізкі сябар для мяне, але ніяк не пераносчык вірусу, таму грузавыя перавозкі больш даступныя. Але рухацца далей мы будзем толькі разам.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Я перажыла ўкусы павука і дзьве ліхаманкі. Думаю, што мой арганізм зможа справіцца з каранавірусам, але хварэць ня хочацца»

Падарожніца каля месяца знаходзіцца ў Аргентыне. Паводле Кацярыны, улады гэтай краіны дзейнічаюць хутка і жорстка — скасаваныя ўсе авіярэйсы, закрытыя ўсе межы, усе нацыянальныя паркі, скасаваныя масавыя мерапрыемствы:

— На дарогах паліцэйскія патрулі, якія літаральна займаюцца паляваньнем на турыстаў і адпраўляюць іх на карантын. Гатэлі і ўладальнікі нерухомасьці не прымаюць замежнікаў, а некаторыя проста выганяюць пастаяльцаў на вуліцу. У гарадах ужо забаронена выходзіць з дому, гэта можна зрабіць толькі для таго, каб зрабіць пакупкі ў супэрмаркетах і аптэках. Жорсткае выкананьне гэтых правілаў моцна адрозьніваецца ў залежнасьці ад рэгіёну. Падчас гэтага падарожжа я перажывала ўкусы павука ў Аўстраліі, дзьве ліхаманкі ў Паўднёвай Амэрыцы. Думаю, што мой арганізм зможа справіцца з каранавірусам, але хварэць, канечне, ня хочацца.

Кацярына Дубаневіч падчас кругасьветнага падарожжа

Таму Кацярына Дубаневіч выконвае правілы гігіены і знаходзіцца ў мінімальным кантакце зь людзьмі. Калі сытуацыя крыху стабілізуецца, яна плянуе адправіць сябе і мой матацыкл Генры ў Турэччыну, адтуль паедзе праз Грузію і Расею дадому. «Тэрміны непрадказальныя, але намеры па-ранейшаму цьвёрдыя», кажа падарожніца.

Кацярына Дубаневіч падарожнічае на беласьнежным 16-гадовым BMW F650GS. Імя матацыкла — Генры Snow White. Яе хэштэг — #катякатит. Асноўная ідэя падарожжа — няма нічога немагчымага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз права на памылку. Беларуская байкерка другі год едзе вакол сьвету

Такім меўся быць маршрут кругасьветнага падарожжы Кацярыны

Маршрут байкеркі Кацярыны Дубаневіч

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ