У Беларусі 14% людзей старэйшыя за 65 гадоў. Як дапамагчы пажылым падчас пандэміі

Ілюстрацыйнае фота

Да каранавіруснай інфэкцыі найбольш уразьлівыя пажылыя людзі. У Беларусі 14 працэнтаў насельніцтва старэйшыя за 65 гадоў.

Кірыл Прашчаеў і Андрэй Ільніцкі

Герантолягі Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў, заснавальнікі расейска-беларускага Навукова-дасьледчага мэдычнага цэнтру «Геранталёгія» даюць парады для пажылых людзей і іх сямейнікаў падчас пандэміі, грунтуючыся на іх кнізе «Працяг будзе. Кніга пра ўзрост». Замовіць кнігу ў Беларусі можна праз kniger.by.

Як дапамагчы пажылым людзям падчас пандэміі

Частковая ізаляцыя пажылых людзей у пэрыяд пандэміі каранавірусной інфэкцыі — апраўданая вымушаная мера. Але такая ізаляцыя павінна быць пісьменнай. Мы прапануем пяць крокаў для падтрыманьня здароўя:

  • 1. Часьцей размаўляйце са сваімі пажылым сваякам з дапамогай даступных для іх сродкаў сувязі — тэлефон, Skype, WhatsApp, Viber і іншыя. Не скупіцеся на смс з вясёлымі навінамі і словамі любові.
  • 2. Заахвочвайце і стымулюйце фізычную актыўнасьць сваіх пажылых блізкіх — прыдумайце для іх хатнія практыкаваньні, прадумайце выхады на балькон, пры магчымасьці падкажыце маршруты і час прагулак на сьвежым паветры зь мінімальнай колькасьцю людзей.
  • 3. Сачыце за рацыёнам харчаваньня вашых пажылых блізкіх. Зрабіце так, каб у іх было дастаткова сьвежай гародніны і садавіны, а таксама бялковай ежы (нятлустыя гатункі мяса, рыбы, яйкі, расьлінны бялок). І хай не абмяжоўваюць сябе ў вадкасьцях.
  • 4. Займіце вашых блізкіх пажылых людзей важнымі для сям’і заняткамі, напрыклад, вязаньне шапак, швэдараў, шалікаў на наступны зімовы сэзон.
  • 5. Рэгулярна цікаўцеся станам пажылых блізкіх, асабліва пры наяўнасьці ў іх хранічных захворваньняў (напрыклад, пры артэрыяльнай гіпэртаніі прасіце рэгулярна вымяраць ціск, штодня прымаць прызначаныя лекарам лекі).

Памятайце, што нягледзячы на супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, інтэнсіўнасьць сацыяльных сувязяў і ўзровень фізычнай актыўнасьці павінны быць максымальна набліжаныя да звычайнага паўсядзённага жыцьця.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што рабіць, калі вы даглядаеце за маламабільным чалавекам і самі захварэлі на вострую рэсьпіратарную вірусную інфэкцыю?

Ілюстрацыйнае фота

1. Не панікаваць.

2. Выклікаць участковага ўрача (памочніка ўрача) для агляду вас і вашага сваяка з мэтай удакладненьня дыягназу і ацэнкі неабходнасьці правядзеньня супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

3. Адказаць на пытаньне: Ці можа хтосьці замяніць вас на пэрыяд хваробы (сваякі, сябры, валянтэры, спэцыялісты патранажнай службы ды іншыя)?

3.1 Калі вас могуць замяніць і вы можаце жыць у пэрыяд хваробы ў іншым месцы, трэба зрабіць наступнае:

— растлумачыць пажылому чалавеку неабходнасьць вашага адʼезду
— перадаць асобе, якая вас заменіць, падрабязную інфармацыю аб пажылым чалавеку
— пераехаць на пэрыяд хваробы ў іншае месца
— пастаянна знаходзіцца на тэлефоннай і / або інтэрнэт-сувязі з вашым пажылым сваяком і чалавекам, які вас замяняе

3.2 Калі вам няма куды пераехаць, трэба рабіць наступнае:

— у пэрыяд хваробы пражываць у іншым пакоі, калі пакой адзін, то знаходзіцца не бліжэй за 2 мэтры да пажылога сваяка і да асобы, якая вас замяшчае

— выконваць рэсьпіратарны этыкет (насіць маскі, карыстацца разьдзельным посудам, ня перасякацца на кухні, у ваннай, туалетным пакоі, іншых памяшканьнях, мыць рукі, мець паасобныя гігіенічныя прыналежнасьці, у тым ліку ручнікі)

— падтрымліваць кантакт з пажылым сваяком (напрыклад, часам зазіраць у пакой і пытацца пра справы, але не набліжацца)

3.3 Калі вас няма каму замяніць

— Калі ў вас захворваньне працякае ў цяжкай форме, то вас і вашага сваяка шпіталізуюць

— Калі ў вас захворваньне працякае ў лёгкай форме, удакладніце, ці ёсьць у мэдыцынскай службы магчымасьць шпіталізаваць вашага сваяка ў бальніцу на пэрыяд вашай хваробы

3.4 Калі такой магчымасьці няма, выконвайце наступныя патрабаваньні:

— пастаянна будзьце ў масцы, мяняючы яе раз на 2 гадзіны

— пры працэдурах апранайце маску і на пажылога сваяка (за выключэньнем кармленьня і гігіены роту)

— не забудзьцеся, што гігіенічныя прыналежнасьці і посуд вашы і вашага сваяка павінны быць паасобнымі

— пры магчымасьці ўсё рабіце ў аднаразовых пальчатках

— у пэрыяд паміж працэдурамі дагляду знаходзіцеся ў іншым пакоі, калі няма такой магчымасьці, то на адлегласьці ня менш за 2 мэтры

— будзьце ў кантакце з вашым пажылым сваяком

— па жаданьні вашага пажылога сваяка разьмесьціце бліжэй да яго радыё, тэлевізар, ноўтбук

— сочыце за зьяўленьнем сымптомаў ВРВІ ( «прастудных» праяваў) у вашага сваяка, а таксама за такімі сымптомамі як дыхавіца, боль у грудной клетцы, сінюшны або бледны колер скуры і вуснаў, падвышаная тэмпэратура, парушэньні сьвядомасьці; пры першых прыкметах неадкладна выклікайце мэдыцынскага работніка

— удакладніце ў інтэрнэце тэлефоны вашай паліклінікі, цэнтра сацыяльнага абслугоўваньня вашага раёна, гарачай лініі аддзелаў аховы здароўя і сацыяльнай абароны, валянтэрскіх арганізацый; пры ўзьнікненьні пытаньняў і праблем не саромейцеся тэлефанаваць.

Памятаеце, што вы не адны! Здароўя Вам і Вашым родным!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Сусьветная арганізацыя здароўя дае парады і разбурае міты


«Раней уразьлівыя групы людзей раптам сталі галоўным абʼектам абароны»

Герантоляг Кірыл Прашчаеў: Пандэмія каранавірусу стала свайго роду трыгерам: раней уразьлівыя групы людзей (сталыя, людзі з абмежаваньнямі здароўя) раптам сталі галоўным абʼектам абароны, не эфэмэрным як раней, а канкрэтным. Паводле герантоляга, дзяржавы, палітыкі, звычайныя людзі гатовыя як ніколі раней ахвяраваць эканамічнымі выгодамі дзеля гэтых уразьлівых групаў. Калі гэта так, то каштоўнасьць кожнага чалавечага жыцьця ўзрасла. Калi гэта так, то гэта ў тым ліку перамога геранталёгіі. Не хацелася б памыліцца...

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ