Яўген — дальнабойнік у Францыі, Аляксей пераганяе грузавікі ў Нямеччыне. Абодва ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо тады страцяць працу. Свабода распытала беларусаў, як працуецца падчас карантыну і закрытых межаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Чарга з фураў на 65 кілямэтраў»
Аляксей працуе кіроўцам у Нямеччыне, пераганяе вялікія грузавікі з аднаго пункту краіны ў іншы. Ён толькі што пераехаў празь мяжу з Польшчай, дзе чарга з грузавікоў расьцягнулася на 65 кілямэтраў.
Цяпер палякі пускаюць сваіх грамадзянаў і фуры. На мяжы Чэхіі і Францыі мераюць тэмпэратуру кіроўцам, глядзяць на стан. Мне мералі на мяжы з Польшчай. Цяпер у нашай кампаніі думаюць, дзе і як нам працаваць падчас карантыну», — апавядае Аляксей.
Аляксей жыве ў Беларусі, у Эўропу езьдзіць працаваць вахтамі. Цяпер ад карантыну вахта зацягнулася: трэба будзе застацца даўжэй, бо, калі ён вернецца ў Беларусь, назад на працу ўжо ня трапіць.
«Калі мы паедзем цяпер дадому, у кампаніі ня будзе працоўных рук. Начальства нам прапанавала застацца яшчэ на 2 тыдні. Мы папрасілі надбаўку за гэта, у кампаніі цяпер думаюць. Гэта трэба, каб застацца хоць крыху ў плюсе, бо калі гэтага ня будзе, мы будзем больш траціць, чым зарабляць. Але я ўсё адно пляную застацца, бо дома працу сёньня за нармальныя грошы ня знойдзеш», — тлумачыць Аляксей.
На вуліцах у Нямеччыне, як і раней, ходзяць людзі, зазначае Аляксей. «Нядаўна я прайшоўся крыху па Мюнхэне, людзі паводзяць сябе спакойна, ажыятажу ў крамах пакуль моцнага няма. Але я зь людзьмі шмат не кантактую: узяў машыну ў порце і паехаў. Зразумела, крыху ёсьць нейкія асьцярогі. Некаторыя мае калегі панікуюць, хочуць дадому», — кажа Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вар’яцкія і безадказныя паводзіны», — Мінспорту пра беларусаў, якія едуць за мяжу падчас пандэміі
«У гарадах стаяць блёкпасты»
Яўген — дальнабойнік у Францыі, жыве ў Беларусі. Цяпер ён на вахце ўжо паўтара тыдні і гатовы застацца яшчэ на месяц, бо назад на працу можа ня трапіць, межы ж закрытыя.
«Гатовы хоць на месяц застацца, бо як цяпер трапіць у Беларусь, нават не ўяўляю. Цяпер Францыя закрыла межы, у гарадах стаяць блёкпасты, правяраюць дакумэнты, пытаюцца, куды едзеш», — апісвае Яўген.
Эпідэмія панікі ў яго не выклікае: кажа, што да апакаліпсісу тое, што адбываецца, ня вельмі падобна.
«На трасах амаль няма легкавікоў, каля крамаў стаяць чэргі, можна зайсьці на паўгадзіны, каб нешта купіць. Калі прыяжджаеш на фірму загрузіць ці выгрузіць тавар, то кіроўцаў просяць заставацца ў машыне. Я ня моцна перажываю, бо ні з кім асабліва і не кантактую», — кажа Яўген.
Агулам у Францыі на COVID-19 захварэлі амаль 11 тысяч чалавек, 372 чалавекі памерлі. У Нямеччыне ўсяго захварэлі 16 тысяч чалавек, 44 памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ