Псыхоз, зьвязаны з каранавірусам, прымусіў людзей быць больш акуратнымі, выконваць элемэнтарную гігіену, сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня навукова-вытворчага прадпрыемства «Адані».
«Трэба людзей урэшце навучыць адказваць і за сябе, і за тых, хто побач»
Ён падкрэсьліў, што ўзьняўся гвалт і «псыхоз каранавірусны», а пры гэтым важна выконваць элемэнтарныя захады гігіены, пачынаючы з мыцьця рук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантынуШто да сытуацыі з каранавірусам у Беларусі, то яна не такая, каб прымаць «драконаўскія меры», лічыць Лукашэнка.
«Трэба людзей урэшце навучыць адказваць і за сябе, і за тых, хто побач. Калі ты кашляеш, то не выходзь на вуліцу, заразу не разнось», — цытуе яго БелТА.
У той жа час Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што супакойвацца і расслабляцца ня трэба, але ня варта і прымаць «драконаўскія захады».
«Прыедзь і скажы — мы цябе праверым, калі трэба, зробім заключэньне»
У адрозьненьне ад усіх суседніх краінаў, Беларусь не закрыла межы ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Але Лукашэнка «вельмі крытычна», як піша БелТА, выказаўся пра тых, хто езьдзіў у краіны з успышкамі эпідэміі, а пасьля ўтаіў гэта.
Раней Мінздароўя расказвала пра мужчыну, які вярнуўся з Італіі, але ўтаіў гэта (змог, бо ляцеў празь Мюнхэн), і зьвярнуўся па дапамогу толькі калі сур’ёзна захварэў. Празь яго, сказаў Лукашэнка, давялося ўзяць на кантроль больш як 300 чалавек.
«Зразумела, паехаў ты за мяжу, пабываў у Нямеччыне, Італіі і Францыі, — казаў Лукашэнка. — Але прыедзь і скажы — мы цябе праверым, калі трэба, зробім заключэньне».
Тых, хто цяпер едзе за мяжу на адпачынак, Лукашэнка не разумее, але паставіў задачу «дапамагчы грамадзянам, у тым ліку расейскім, вярнуцца на радзіму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: 11 тысяч беларусаў выехалі з краіны за 3 апошнія дні«А цяпер яны ламаюць дзьверы ў амбасады нашыя, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы ня можам 10 тысяч за адзін дзень забраць», — адзначыў ён і нагадаў, што «расейцы на борт нашых людзей у Тайляндзе не пусьцілі».
Выпадак з турыстамі ў Тайляндзе, якія мелі ляцець дамоў транзытам праз Расею, Лукашэнка назваў «звычайнай бязглузьдзіцай, тупасьцю, глупствам», якое моцна нашкодзіць. Пра здарэньне ён дадаў, што «вось тады і будзе інтэграцыя», не ўдакладніўшы, пры якіх менавіта ўмовах.
«Сплянавалі і зрабілі нейкі псыхічны дом»
Лукашэнка, як і днём раней, заявіў, што сытуацыю вакол COVID-19 лічыць «псыхапатыяй». Але адзначыў, што сярод беларусаў няма такой «псыхапатыі», як у заходніх краінах.
«Сплянавалі і зрабілі нейкі псыхічны дом, — абурыўся ён. — Але я парадаваўся за нашых спэцыялістаў: яны, ня маючы вакцыны, ня ведаючы, як лячыць, ніводнага чалавека ня страцілі».
Ад таго, што «падняўся гвалт і псыхоз каранавірусны», мяркуе Лукашэнка, беларусы сталі больш акуратнымі, пачалі выконваць правілы гігіены, пачынаючы з мыцьця рук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкТаксама Лукашэнка заклікаў не панікаваць і «не ламіцца ў крамы».
«У нас дастаткова харчоў, — запэўніў ён. — Расейцы калі зачынілі мяжу, рэтэйлеры іхныя зьвярнуліся да нас: дайце прадукты харчаваньня, бо ў нас пачынаецца дэфіцыт. Вядома, мы фармуем партыі і адпраўляем, і цэны ўжо зусім іншая».
На думку Лукашэнкі, па завяршэньні пэрыяду вострых вірусных інфэкцыяў колькасьць захворваньняў на COVID-19 «пойдзе на спад». Навукоўцы дапускаюць, што пры цяплейшым і больш вільготным надвор’і заразнасьць вірусу SARS-CoV-2 стане меншай, але адзначаюць, што толькі клімат ня зьменшыць распаўсюд хваробы ў дастатковай меры.
«Адной нагой у крызіс уступілі»
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі цяпер аналізуюць фінансава-эканамічную сытуацыю ў сьвеце (у тым ліку перад ягоным пасланьнем народу і дэпутатам), хоць не да канца зразумела, як яна будзе разьвівацца.
«Што тычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой уступілі, — завявіў Лукашэнка. — А цяпер, паколькі валятыльнасьць і ваганьні па ўсіх кірунках вельмі высокія, спрабуем гэтую нагу вярнуць на месца. У чым галоўнае пытаньне: ці ўдасца нам назад гэтую нагу вярнуць і побач паставіць, ці мы туды і другую нагу ўсадзім?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2,5592. Новы рэкорд падзеньня беларускага рубля да даляраКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.